Шлях развіцця дзяржавы залежыць ад узроўню інфармаванасці моладзі - Т.Белава
11 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Шлях развіцця дзяржавы залежыць ад узроўню інфармаванасці моладзі. Такое меркаванне выказала сёння на прэзентацыі ў Віцебску альбомаў серыі "Энцыклапедыя рарытэтаў" дырэктар выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" Таццяна Белава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Часам на няўстойлівыя маладыя душы абрушваюцца інфармацыйныя войны, шквал самай рознай інфармацыі. Разабрацца ў гэтым інфармацыйным патоку можа дапамагчы навуковая кніга, якая будзе дзяліцца ведамі аб гісторыі народа, спрыяючы такім чынам фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці", - сказала Таццяна Белава. Яна адзначыла, што на гэтыя мэты накіраваны знакавы праект выдавецтва "Энцыклапедыя рарытэтаў".
Цяперашні год аб'яўлены Годам кнігі. "Для выдаўцоў гэта нагода задумацца, як сёння ўтрымаць і адваяваць у масавай культуры чытачоў. І ў першую чаргу гэта залежыць ад кніг, якія ім будуць прадстаўлены", - лічыць дырэктар выдавецтва. Пры гэтым не важна, якім чынам чытачы, у тым ліку і моладзь, будуць чытаць кнігі - на нетбуках, ноўтбуках або планшэтах. "Галоўнае, што спачатку павінна з'явіцца кніга, матэрыял якой будзе падрыхтаваны прафесіяналамі сваёй справы, і толькі потым гэтая кніга прыйдзе да чытачоў", - заключыла Таццяна Белава.
У Віцебску Таццяна Белава прыняла ўдзел у прэзентацыі серыі "Энцыклапедыя рарытэтаў" і новага выдавецкага праекта, прысвечанага 1150-годдзю беларускай дзяржаўнасці "Полацк. 1150". Удзельнікамі мерапрыемства, арганізаванага ў рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", сталі прадстаўнікі мясцовых органаў улады, студэнты, літаратары і грамадскасць горада.-0-