Пуцёўнік па горадзе для інвалідаў-калясачнікаў плануюць распрацаваць і выдаць у Наваполацку

Гэтая ідэя запазычана ў нямецкага горада Фрыдрыхсхафен. Распрацоўкай даведніка зоймуцца спецыялісты ТЦСАН сумесна з прадстаўнікамі Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў, а таксама мясцовых органаў улады.

Гэтая ідэя запазычана ў нямецкага горада Фрыдрыхсхафен, паведаміла дырэктар Наваполацкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ТЦСАН) Святлана Цішкевіч.

25 жніўня Наваполацкі ТЦСАН наведаў член кіраўніцтва нямецкага таварыства "Фантэрнітэт" ("Братэрства"), інвалід-калясачнік з горада Фрыдрыхсхафен Рыхард Рэйтэр. Ён не толькі азнаёміўся з беларускім вопытам працы, але і прапанаваў свае праекты па стварэнні безбар'ернага асяроддзя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

"Нас асабліва зацікавіў даведнік па горадзе, у якім пазначаны кафэ, крамы, культурныя і іншыя ўстановы, цэлыя маршруты, дзе створана безбар'ернае асяроддзе для перамяшчэння інвалідаў-калясачнікаў. Такі даведнік актуальны і для нашага горада, бо ён будзе запатрабаваны не толькі ў гэтай катэгорыі мясцовых жыхароў, але і ў гасцей з абмежаванымі магчымасцямі. Таксама ён карысны для мам з каляскамі і іншых людзей, якія маюць цяжкасці з перамяшчэннем", - адзначыла Святлана Цішкевіч.

Яна дадала, што распрацоўкай даведніка зоймуцца спецыялісты ТЦСАН сумесна з прадстаўнікамі Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў, а таксама мясцовых органаў улады.

Таксама падчас сустрэчы нямецкі госць адзначыў шмат у чым падобныя падыходы ў арганізацыі працы аддзяленняў дзённага знаходжання для інвалідаў у яго родным горадзе і Наваполацку.

Рыхард Рэйтэр упершыню наведаў Рэспубліку Беларусь у 2006 годзе. Ён цесна супрацоўнічае з Наваполацкай гарадской арганізацыяй грамадскага аб'яднання "Беларускае таварыства інвалідаў". Яго называюць "самым дарагім" жыхаром горада Фрыдрыхсхафен: па просьбах Рыхарда Рэйтэра былі пераабсталяваны грамадскія месцы для інвалідаў-калясачнікаў (кафэ, тэатры, паркоўкі, спартыўныя комплексы).

Кацярына Князева, БЕЛТА.