Праца камунальных службаў больш за ўсё хвалюе жыхароў Віцебскай вобласці - З.Ламаць
24 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Большасць пытанняў жыхароў Віцебскай вобласці звязаны з работай жыллёва-камунальнай гаспадаркі, і гэта галоўная асаблівасць рэгіёна, паведаміў сёння журналістам пасля правядзення прамой лініі з жыхарамі вобласці старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Зенон Ламаць, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сёння была маса пытанняў па капітальным рамонце жылля, рамонце дарог, вуліц, чаго я не чуў у іншых абласцях за час правядзення прамых ліній", - адзначыў Зенон Ламаць. Аналіз сітуацыі паказвае, што многія праблемы, якія хвалююць жыхароў Віцебскай вобласці і іншых рэгіёнаў, з'яўляюцца ў выніку сур'ёзных недапрацовак мясцовых органаў улады, лічыць ён. Так, паступіў званок з Пастаўскага раёна аб тым, што на беразе азёр ідзе пазапланавая катэджная забудова, маюць месца факты парушэння зямельнага заканадаўства ў Браслаўскім раёне. Жыхароў раёнаў хвалююць і пытанні сацыяльнага плана па аказанні дапамогі з боку сельскіх выканаўчых камітэтаў. Калі выканкам не мае рэсурсаў, то неабходна дамагацца вырашэння пытанняў у вышэйстаячых інстанцыях, але не пакідаць без увагі падобныя звароты, перакананы кіраўнік КДК.
Многія пытанні звязаны з нездавальняючай выканальніцкай дысцыплінай дзяржаўных служачых, якія адказваюць за пэўныя напрамкі дзейнасці. "Тут мы таксама будзем разбірацца і наводзіць парадак", - папярэдзіў Зенон Ламаць.
Сярод званкоў, якія паступілі на прамую лінію, старшыня КДК таксама вылучыў зварот па сітуацыі і перспектывах развіцця хакейнага клуба "Віцебск". Зенон Ламаць паабяцаў разабрацца ў праблемах і знайсці магчымыя шляхі аказання дапамогі.
Усяго падчас прамой лініі за 2,5 гадзіны кіраўнік КДК адказаў на пытанні больш за 40 жыхароў Віцебскай вобласці, было зарэгістравана звыш 3 тыс. спроб дазваніцца, у тым ліку больш за 2 тыс. - з раёнаў вобласці. Акрамя таго, аператарамі прынята 30 тэлефонных зваротаў, каля 50 пытанняў паступіла ў пісьмовай форме. Усе звароты будуць разгледжаны і ўзяты на кантроль, падкрэсліў Зенон Ламаць. У тых выпадках, дзе праблемы можна вырашыць, гэта будзе зроблена.-0-