Праца кіраўнікоў павінна будавацца на папярэджанні зваротаў грамадзян - В.Піліпец
27 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Работа кіраўнікоў рознага ўзроўню павінна будавацца на папярэджанні зваротаў грамадзян. Аб гэтым заявіў сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - галоўны інспектар па Віцебскай вобласці Віктар Піліпец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
За тры гады дзеяння Дырэктывы №2 аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату намяціліся станоўчыя вынікі ў рабоце са зваротамі грамадзян. За першае паўгоддзе на 10% скарацілася колькасць зваротаў жыхароў вобласці ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, на 15% - у Саўмін. У цэлым колькасць зваротаў грамадзян, якія паступілі ў аблвыканкам з вышэйстаячых дзяржаўных органаў, скарацілася на 28,5%.
Разам з тым Віктар Піліпец адзначыў, што кіраўнікі і чыноўнікі не прымаюць своечасовых мер па вырашэнні пытанняў, якія могуць стаць прычынай звароту ў органы ўлады. Так, у першым паўгоддзі 2009 года ў аблвыканкам паступіў 1971 зварот грамадзян, што на 18,9% больш, чым у аналагічны перыяд мінулага года. Пры гэтым 1021 зварот па сутнасці адносіўся да кампетэнцыі раённых і гарадскіх выканкамаў.
У якасці тыповага прыкладу неадказных кіраўнікоў галоўны інспектар прывёў вёску Янавічы. Тут невялікі, 200-метровы ўчастак дарогі, па якім ездзіць у тым ліку і грамадскі транспарт, з'яўляецца аварыйна небяспечным. Нягледзячы на тое, што на яго рамонт неабходны мінімальныя сродкі, мясцовыя кіраўнікі нічога не зрабілі для прывядзення яго ў парадак. "Няўжо не бачылі старшыня сельсавета, кіраўнік гаспадаркі, майстар дарожнай управы, што дарога патрабуе рамонту? Чакаюць, пакуль паступіць зварот, а потым будуць на яго рэагаваць і ганарыцца, што вырашылі праблему", - з горыччу канстатаваў Віктар Піліпец.
Памочнік Прэзідэнта перакананы, што ў аснове падобных негатыўных з'яў ляжыць суб'ектыўны фактар. "У раёне ўсе - ад клерка да старшыні райвыканкама - павінны працаваць на паляпшэнне жыцця людзей", - дадаў ён.-0-