Праца школьных псіхолагаў і сацыяльных педагогаў у Віцебскай вобласці патрабуе змяненняў - пракуратура
8 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Праца псіхолагаў і сацыяльных педагогаў ва ўстановах адукацыі Віцебскай вобласці недастаткова эфектыўная і патрабуе кардынальных змен. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказала старшы памочнік пракурора Віцебскай вобласці па справах непаўналетніх і моладзі Ірына Януковіч.
Да такога высновы супрацоўнікі пракуратуры вобласці прыйшлі па выніках праверкі дзейнасці сацыяльна-педагагічных і псіхалагічных службаў розных школ, сярэднеспецыяльных устаноў адукацыі і дзіцячых дамоў рэгіёна. Так, намаганні супрацоўнікаў гэтых структур перш за ўсё павінны быць накіраваны на прафілактыку правапарушэнняў і суіцыдаў сярод падлеткаў. Аднак у апошнім выпадку такія факты часам застаюцца па-за полем зроку сацыяльных педагогаў і псіхолагаў. У значнай ступені гэтаму спрыяе адсутнасць цеснага ўзаемадзеяння з медыцынскімі ўстановамі.
Фармальнае стаўленне да працы пацвярджаюць планы работы спецыялістаў з дзецьмі з нядобранадзейных сем'яў або якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. У большасці выпадкаў яны распрацаваны на навучальны год, выключаючы такім чынам летні перыяд. "Акрамя таго, часта высвятлялася, што прадугледжаныя мерапрыемствы і планы работы з дзецьмі так і заставаліся планамі: ніякіх звестак аб іх выкананні знайсці не ўдалося", - адзначыла Ірына Януковіч.
Прадастаўленыя справаздачы складзены аднатыпна і не ўтрымліваюць аналізу эфектыўнасці прынятых рашэнняў, праведзеных прафілактычных мерапрыемстваў. Напрыклад, супрацоўнікі Езярышчанскага дзіцячага дома, Полацкага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, некаторых школ Сенненскага раёна і Полацка, навучэнцы якіх здзейснілі супрацьпраўныя дзеянні, не аналізавалі паводзіны дзяцей, каб прыняць меры і выключыць паўтарэнне такіх фактаў.
У ходзе праверак пракурорскімі работнікамі таксама былі ўстаноўлены выпадкі бяздзейнасці ўстаноў адукацыі пры выяўленні дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Нярэдка замест прызнання такіх непаўналетніх, якія маюць патрэбу ў абароне дзяржавы, іх толькі ставілі на унутрышкольны ўлік.
З мэтай выпраўлення сітуацыі, якая склалася, ва ўпраўленне адукацыі Віцебскага аблвыканкама пракуратурай унесена прадстаўленне з прапановай прыцягнуць да адказнасці кіраўнікоў органаў і ўстаноў адукацыі, якія не забяспечылі належнае выкананне заканадаўства.-0-