З пачатку купальнага сезону работнікі АСВОД Віцебскай вобласьці выратавалі каля 80 чалавек
29 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Работнікі Асвода Віцебскай вобласці з пачатку купальнага сезона выратавалі каля 80 чалавек, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік вадалазна-выратавальнай службы арганізацыі Аляксандр Мясаедаў.
Па аператыўных даных на 29 ліпеня, своечасова аказаная дапамога выратавала жыцці 43 дарослых і 36 дзяцей. Папярэджанні атрымалі 247 чалавек, з іх 90 дзяцей. Разам з тым патанулі за гэты перыяд 75 чалавек, у тым ліку 6 дзяцей.
Сярод асноўных фактараў гібелі на вадзе дарослага насельніцтва з'яўляецца купанне пасля ўжывання спіртных напояў (палова ўсіх няшчасных выпадкаў), пераацэнка ўласных фізічных сіл і элементарнае грэбаванне правіламі бяспекі: заплыванне за буйкі, адсутнасць выратавальных сродкаў і жылетаў, ныранне ў незнаёмых месцах і інш. Нярэдка да сумнага зыходу прыводзяць таксама пераахаладжэнне і курчы.
Галоўнай прычынай утоплення дзяцей начальнік вадалазна-выратавальнай службы лічыць недагляд з боку бацькоў. "Катэгарычна нельга адпускаць дзяцей адных купацца. Калі сям'я адпачывае разам, то дарослыя абавязаны самае пільную ўвагу надаваць бяспецы дзяцей на вадзе і выбіраць для гэтых мэт абсталяваныя пляжы, дзе дапамогу змогуць аказаць не толькі яны, але і ратавальнікі Асвода", - падкрэсліў ён.
У Віцебскай вобласці дзейнічаюць 19 пастоў і 10 выратавальных станцый Асвода, дзяжурства на якіх нясуць 120 чалавек - вадалазы, матарысты, медработнікі і матросы-ратавальнікі. Усяго на тэрыторыі рэгіёна маецца 134 пляжы. Разам з тым, паводле інфармацыі пракуратуры Віцебскай вобласці, большасць з іх да пачатку купальнага сезона не было гатова.-0-