Супрацоўнікі Цэнтра культуры «Віцебск» адзначылі прафесійнае свята

Напярэдадні прафесійнага свята работнікі Цэнтра культуры «Віцебск» вырашылі сабрацца вузкім колам, каб сказаць адзін аднаму цёплыя словы і пачуць віншаванні ад кіраўніцтва вобласці і горада.

– Мы прывыклі ладзіць святы для іншых, а для сябе – аказалася не так проста, – прызнаўся генеральны дырэктар ЦК «Віцебск» Глеб Лапіцкі, які вырашыў у гонар такой падзеі даць адпачыць калегам і сам папрацаваць вядучым.

А падыграць яму вызваўся вядучы калектыў філармоніі – сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам Уладзіміра Беляўскага, які заняў ганаровае месца на сцэне.

– Калі мяне запрасілі на ўрачыстасць у Цэнтр культуры «Віцебск», я не раздумваў. Захацеў асабіста падзякаваць калектыў, які шмат робіць для стварэння іміджу нашага краю. Людзі, якія прыязджаюць з іншых рэгіёнаў і краін, адзначаюць асаблівую атмасферу Віцебска. Горад вылучаецца сваёй культурай, а таксама выхаванасцю, інтэлігентнасцю жыхароў. І гэтая аўра фарміравалася дзякуючы работнікам духоўнай сферы – сферы культуры, – звярнуўся да прысутных старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін.

Кіраўнік вобласці адзначыў вялікую працу калектыву ў правядзенні «Славянскага базару», які стаў брэндам не толькі Віцебска, але і ўсёй Беларусі.

– Я з поўным правам магу сказаць, і гэта пацвярджаюць шматлікія госці фестывалю, што Віцебск займае вядучае месца ў спісе культурных сталіц свету, – дадаў Аляксандр Субоцін, пажадаў калектыву невычарпальных іскрыстых ідэй, якія ўпрыгожваюць жыццё, і ўручыў Падзяку старшыні аблвыканкама галоўнаму інжынеру ЦК «Віцебск» Людміле Піменавай і галоўнаму мастаку-дызайнеру Вользе Галубцовай.

Абласныя ўлады надаюць вялікую ўвагу культуры, укладваюць нямалыя сродкі ў удасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы. У прыватнасці, у абнаўленне канцэртнай залы «Віцебск», якая неўзабаве набудзе сучасны выгляд і ўпрыгожыць фестывальную сталіцу.

Падзякі міністра культуры Рэспублікі Беларусь удастоена метадыст аддзела культурна-масавай работы Кацярына Котава. Начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Пётр Падгурскі, уручаючы гэту ўзнагароду, а таксама ганаровыя граматы ўпраўлення, адзначыў, што ЦК «Віцебск» – лепшая ўстанова клубнага тыпу (менавіта такі статус яна мае ў афіцыйных дакументах) вобласці.

– Ніводнае буйное мерапрыемства не абыходзіцца без удзелу творчых калектываў Цэнтра культуры. І гледачы заўсёды кажуць ім вялікі дзякуй, – падкрэсліў Пётр Падгурскі.

Самай актыўнай частцы калектыву былі ўручаны ўзнагароды Віцебскага гарвыканкама і гарадскога Савета дэпутатаў, абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму.

У межах перадсвяточнай сустрэчы адбылося ўшанаванне маладых спецыялістаў, якія ўліліся ў дружны творчы калектыў, у якім працуе больш за 200 чалавек.

Да навічкоў звярнулася начальнік аддзела культурна-масавай работы Вера Чашчыхіна, якая прыйшла ў ЦК «Віцебск» у 1978 годзе. У яе працоўнай кніжцы адзначана толькі адно месца работы, праўда, першапачаткова гэта быў Гарадскі дом культуры.

– І ён стаў для мяне менавіта домам. Усе гэтыя гады я адчуваю шчасце зносін з творчымі людзьмі. Жадаю маладым, каб яны знаходзілі задавальненне ў справе, якой сябе прысвяцілі. Рабіце яе з любоўю, і тады ў нас усё будзе выдатна, – дала настаўленне моладзі «аксакал» установы культуры і пад гукі аркестра ўручыла памятныя сувеніры.

– Выпадкова ці са знакам, але музыканты сыгралі мелодыю з фільма «Місія невыканальная», але я перакананы, што і маладыя спецыялісты, і тыя, для каго Цэнтр культуры «Віцебск» даўно стаў родным домам, працягнуць паспяхова выконваць сваю місію, – падвёў вынік Глеб Лапіцкі і запрасіў усіх на выставу «Культурныя дажынкі».

Працаўнікі культуры да ўсяго падыходзяць творча. Розныя філіялы, а іх ва ўстанове восем, аддзелы дэманстравалі свае дасягненні ў агародніцтве і кулінарыі. Хтосьці выгадаваў метровы кабачок, хтосьці – рознакаляровую фасолю, хтосьці змайстраваў крэпасць з сырнікаў. Ахвотныя маглі паспрабаваць «Шляхецкую меравуху», школьнае печыва, яблычны пірог, вішнёвы кампот.

Так урачыста, весела і смачна адзначылі свята ў ЦК «Віцебск». А ў Дзень работнікаў культуры, які прыпадае на нядзелю, 9 кастрычніка, яны будуць ствараць святочны настрой для жыхароў і гасцей горада з непаўторнай творчай аўрай.

"Віцебскія весці".