Больш за 73% жыхароў Віцебскай вобласці станоўча ацэньваюць працу міліцыі
Больш за 73% удзельнікаў апытання МУС Беларусі ў Віцебскай вобласці выказалі пазітыўнае меркаванне аб рабоце міліцыі ў 2015 годзе, паведаміў журналістам начальнік УУС Віцебскага аблвыканкама Віктар Сянько.
"У мінулым годзе пазітыўнае меркаванне аб рабоце АУС рэгіёна выказалі 73,4% удзельнікаў апытання", - адзначыў Віктар Сянько. Статыстыка, якую штогод вядзе Міністэрства ўнутраных спраў, адлюстроўвае меркаванне насельніцтва аб рабоце міліцыі і ўключае мноства крытэрыяў: раскрывальнасць злачынстваў, прафесіяналізм, культура паводзін і іншыя. Насельніцтва ўносіць свае прапановы і заўвагі па актывізацыі работы міліцыі. "У мінулым годзе іх паступіла больш за 700: па арганізацыі дарожнага руху, рабоце патрульна-паставой службы, процідзеянні наркаманіі і іншых напрамках. Большая частка прапаноў увасоблена ў жыццё. Для нас гэта важны момант узаемадзеяння з грамадствам. Меркаванне людзей - арыенцір, на які мы і ў далейшым будзем абапірацца ў сваёй рабоце", - заключыў Віктар Сянько.
Кацярына Князева, БелТА.