Дзеля прыгожых дам кветкавыя крамы ў Віцебску пераходзяць на падоўжаны рэжым працы
2 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Дзеля прыгожых дам кветкавыя крамы камунальнага прадпрыемства "Вясна" у Віцебску ўпершыню пераходзяць на падоўжаны рэжым працы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве.
Каб у мужчын напярэдадні свята не было апраўданняў кшталту: "Затрымаўся на працы, а крамы ўжо зачынены, таму прыйшоў без кветак", усе сем крамаў "Вясны" з 4 па 8 сакавіка будуць працаваць з 7 да 22 гадзін, у той час як у звычайныя дні яны былі адкрыты з 9 да 19 гадзін. Асартымент кветак задаволіць любога пакупніка: каралеўскія ружы, пралетарскія гваздзікі, усходнія хрызантэмы, вытанчаныя калы, далікатныя фрэзіі і мілыя сэрцу любой жанчыны - цюльпаны. Кошт на кветкі даволі дэмакратычны - ад Br3,5 тыс. за галінку фрэзіі і гваздзіку да Br12 тыс. за прыгажуню-ружу.
Да першага вясновага свята "Вясна" выгадавала 35 тыс. кветак для зрэзкі, з іх 20 тыс. - ружы.-0-