Райдэры артыстаў на «Славянскім базары ў Віцебску» абмяжоўваюцца наяўнасцю цёмных штор і тэлевізара ў спальні
12 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Апартаменты з цёмнымі шторамі, вада без газу на стале і тэлевізар у спальні – такія максімальныя патрабаванні бытавых райдэраў эстрадных зорак, якія прыедуць на XVIII Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА расказала кіраўнік службы размяшчэння фестывалю Ірына Багарад.
Паводле яе слоў, усе патрабаванні артыстаў па ўладкаванні іх гасцінічнага побыту не выходзяць за рамкі разумнага і выканальныя. Нават еўрапейскія эстрадныя дзівы Сара Коннор і Лара Фабіян, якія прывыклі да пяцізоркавых гатэляў, пагадзіліся на апартаменты ў чатырохзоркавым гатэлі "Лучоса". У гэтым жа гатэлі будуць жыць Філіп Кіркораў і Валерый Лявонцьеў. Лайма Вайкуле, як звычайна падчас сваіх выступленняў у Віцебску, паселіцца ў гатэлі "Эрыдан".
Вялікія творчыя калектывы будуць размешчаны ў пансіянатах і дамах адпачынку за горадам. А нацыянальны акадэмічны ансамбль танца Украіны імя П. Вірскага ў поўным складзе, а гэта больш за 100 чалавек, будзе жыць у гатэлі ў Оршы. Удзельнікі дарослага і дзіцячага конкурсаў выканаўцаў эстраднай песні размесцяцца ў гатэлі "Ветразь".
Гасцей фестывалю будуць прымаць 6 гасцініц і 7 інтэрнатаў, базы адпачынку "Крупеніна" і "Жалезнякі". Для артыстаў, канкурсантаў, прэсы ўжо забраніраваны 579 месцаў у гасцініцах, больш за 1 тыс. месцаў у інтэрнатах, 165 месцаў на базах адпачынку.
Гатоўнасць месцаў пражывання ўдзельнікаў і гасцей фестывалю будзе праінспектавана ў найбліжэйшы панядзелак.
XVIII Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 10 па 16 ліпеня.-0-