Раймонд Паўлс прапануе правесці творчыя спаборніцтвы ўдзельнікаў «Славянскага базару» і «Новай хвалі»
11 ліпеня, Віцебск /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Райманд Паўлс прапануе арганізаваць творчыя спаборніцтвы ўдзельнікаў "Славянскага базару" і "Новай хвалі". Такая ідэя нарадзілася ў маэстра сёння падчас размовы з карэспандэнтам БЕЛТА.
Знакаміты кампазітар і музыкант упершыню прыехаў на міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Апошнія гады ён актыўна займаецца конкурсам маладых выканаўцаў "Новая хваля", які штогод праходзіць у латвійскай Юрмале. Тым не менш маэстра не пабаяўся прыехаць на канкуюруючы фестываль у Віцебск.
"Калі Юрмала акцэнтуецца на песнях, то тут ёсць усё - любыя жанры, і гэта вельмі добра", - падкрэсліў маэстра.
Хоць Райманд Паўлс удзельнічае ў віцебскім фестывалі ў першы раз, ён прывёз у горад на Дзвіне надзвычай разнастайную праграму. У канцэрце адкрыцця фестывалю ён прадставіў попуры са сваіх знакамітых шлягераў. А сёння ў Віцебскай абласной філармоніі ён паказаў сябе з іншага боку, які вядомы сапраўдным знатакам яго творчасці. Такіх у Віцебску аказалася нямала, і ўсе яны прыйшлі паслухаць не Райманда Паўлса - аўтара папулярных песень, а Райманда Паўлса - віртуознага музыканта і джазмена. Да таго ж разам з ім у канцэрце прыняла ўдзел салістка Рыжскай нацыянальнай оперы Ілона Багеле, што стала сапраўдным падарункам для меламанаў.
Але і гэта не ўсё. Заўтра ў канцэртнай зале "Віцебск" будзе прадстаўлены музычны спектакль Рыжскага рускага тэатра імя Міхаіла Чэхава "Адэса, горад чараўніцкі..." па творах І. Бабеля. У пастаноўцы ўдзельнічае больш за 50 артыстаў, а музыку да гэтага феерычнага прадстаўлення напісаў Райманд Паўлс. "Там гучаць кабарэтныя песні, куплета, і на гэту сваю працу я гляджу з усмешкай", - сказаў маэстра.-0-