Раённыя музеі Віцебскай вобласці ў Год роднай зямлі ствараюць электронныя базы мясцовых славутасцей

2 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Раённыя музеі і бібліятэкі Віцебскай вобласці ў Год роднай зямлі прыступілі да стварэння электронных баз даных аб мясцовых славутасцях і гістарычных помніках, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалай Пашынскі. Такія базы дазволяць сістэматызаваць інфармацыю аб помніках архітэктуры, гістарычных мясцінах і падзеях і могуць быць выкарыстаны для складання турыстычных маршрутаў і экскурсій, растлумачыў суразмоўца. Напрыклад, у Глыбоцкім раённым краязнаўчым музеі назапашаны вялікі матэрыял аб вядомых асобах, звязаных з Глыбоччынай, аб славутасцях, і нават створана асобная база даных аб гісторыі вуліц райцэнтра. Па словах Мікалая Пашынскага, матэрыяламі музея актыўна карыстаюцца мясцовыя арганізатары турыстычных паслуг. Да канца гэтага года, у адпаведнасці з абласным планам правядзення Года роднай зямлі, электронныя краязнаўчыя базы даных павінны быць створаны ў кожным раёне, а затым размешчаны ў сетцы Інтэрнэт, дадаў Мікалай Пашынскі. У вобласці ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны ўнесена 885 аб'ектаў, з іх 279 - помнікі архітэктуры, 346 - помнікі археалогіі, 252 - помнікі гісторыі і культуры. Як адзначыў Мікалай Пашынскі, для папулярызацыі нацыянальнага здабытку падрыхтаваны і ўнесены на разгляд у камісію ЮНЕСКА для ўнясення ў спіс сусветнай культурнай спадчыны матэрыялы аб помніках архітэктуры Полацка, звязаных з імем Ефрасінні Полацкай, вядзецца падрыхтоўка дасье па храме абароннага тыпу - касцёле ў вёсцы Камаі Пастаўскага раёна.-0-