Раённы гісторыка-краязнаўчы музей у Дубровне адкрыецца ў 2010 годзе
30 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Раённы гісторыка-краязнаўчы музей у Дубровне плануецца адкрыць у канцы 2010 года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле культуры Дубровенскага райвыканкама.
Ён размесціцца ў былым кляштары бернардзінцаў, заснаваным у 1630 годзе. Цяпер у помніку архітэктуры вядзецца рэканструкцыя. Аб'ём інвестыцый на правядзенне ўсіх работ па праекце складае каля Br1,9 млрд.
Для будучага музея ў ходзе археалагічных і фальклорных экспедыцый ужо сабрана звыш 11 тыс. экспанатаў розных перыядаў, звязаных з гісторыяй і культурай раёна. Сярод найбольш цікавых - біўны маманта, знойдзены каля вёскі Чыжоўка, скарб з жаночымі ўпрыгожаннямі, датаваны 1 тыс. да нашай эры, рукапісныя дзённікі кіраўніка Асінторфскага падполля Станіслава Шмуглеўскага, тканыя рушнікі і многае іншае. Пры гэтым калекцыя пастаянна расце, бо актыўную дапамогу ў яе папаўненні аказвае і мясцовае насельніцтва.
У цяперашні час усе сабраныя экспанаты захоўваюцца ў запасніках у раённым Доме культуры. Убачыць іх можна толькі час ад часу ў ходзе невялікіх выстаў, якія арганізуюцца ў Доме саветаў у Дубровне. -0-