Ралі-сезон у Беларусі завершыцца гонкай у Браслаўскім раёне 6 лістапада
27 кастрычніка, Мінск /Кацярына Жыляніна - БЕЛТА/. Ралі-сезон у Беларусі завершыцца гонкай у Браслаўскім раёне 6 лістапада, дзе адбудзецца трэці этап чэмпіянату Беларусі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар камітэта пазадарожных спаборніцтваў Беларускай аўтамабільнай федэрацыі Даніла Далматаў.
Па выніках гонкі "Браслаў Jaf Tea ралі" стануць вядомыя імёны прызёраў у асабістым заліку чэмпіянату 2010 года, а таксама лепшыя каманды бягучага сезона. За тытул пераможцы ўпершыню змагаюцца прадстаўнікі чатырох дзяржаў: Беларусі, Расіі, Украіны і Літвы.
Два папярэднія этапы таксама прымаў Браслаў. Старт сезона быў дадзены ў лютым. Перамогу святкаваў мінскі экіпаж Юрыя Грышчанкова і Дзяніса Рвякі. Другі этап праходзіў у маі ў статусе міжнароднага ралі "Славянскі кубак" і быў сумяшчальны з этапам Адкрытага чэмпіянату Расіі. Тады пераможцам беларускага заліку стаў украінскі экіпаж Уладзіміра Петранкі і Дзмітрыя Яравенкі, які і захапіў лідарства як у абсалютным заліку, так і ў топавым класе Б12.
І, калі ў сваім класе кіяўляне ўпэўнена лідзіруюць, то ў агульным заліку іх перавага не так вялікая. Шанцы на перамогу мае экіпаж з Мінска ў складзе Анатоля Шымакоўскага і Ігара Макарчука, які ўзначальвае "двухлітровы" залік Б11.
У самым "малодшым" класе Б11 лідзіруюць брэстаўчане Сяргей Юшчык і Раман Шырнюк. Канкурэнцыю ім складае экіпаж Андрэя Цыганкова і Дзмітрыя Бурага і іншыя сапернікі. У камандным заліку тройка лідараў выглядае наступным чынам: РУСЦ ДАУСААФ, "МЦ Квадрат", "СПАС Rally Team".
Трэці этап чэмпіянату Беларусі пройдзе ў адзін дзень. Удзельнікаў чакае дзевяць гравійных спецучасткаў агульнай працягласцю 81,4 км, а ўвесь маршрут гонкі складзе 221,4 км. Старт першага аўтамабіля запланаваны на 9.00, а фініш адбудзецца ў 16.30. У 18.00 будзе праведзена цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў заключнай гонкі сезона.
Сярод арганізатараў - Браслаўскі раённы выканаўчы камітэт.-0-