Размеркаванне будучых урачоў прайшло ў ВДМУ. У працы камісіі ўзяў удзел міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік
"Велізарная ўвага, якая з пачаткам распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі надавалася і надаецца працы ўрачоў, таму, як яны праявілі сябе, а гэта без узнёслых слоў гераічная праца, істотна павысіць прэстыж нашай прафесіі, прыцягне ў шэрагі медработнікаў яшчэ больш людзей, шчыра адданых сваёй справе", - сказаў Анатоль Шчасны.
Паводле яго слоў, сённяшні дзень мае для выпускнікоў свае асаблівасці, бо асноўны этап размеркавання, папярэдні, адбыўся раней. Пераважная колькасць студэнтаў з ім пагадзілася і ўжо ведае, дзе будзе працаваць. Сёння ж фінальнае рашэнне па гэтым пытанні будзе прынята ў дачыненні да 39 маладых людзей. "Абставіны, якія запатрабавалі гэтага, самыя розныя: жаданне змяніць свой прафесійны аспект, сямейнае становішча, пераезд і г.д.", - адзначыў рэктар.
Асобную ўвагу кіраўнік ВНУ звярнуў на 80 выпускнікоў, якія ў ліку 300 студэнтаў меданіверсітэта працавалі ў апошнія месяцы ў клініках Віцебска. Прафесійны лёс некаторых з іх вырашаецца на сённяшнім пасяджэнні камісіі. "Гэты факт таксама будзе прыняты да ўвагі. Мы лічым, што такім учынкам чалавек ужо ў пэўнай ступені пацвердзіў правільнасць прафесійнага выбару і паказаў сваё стаўленне да справы", - падкрэсліў Анатоль Шчасны.
У рабоце камісіі па размеркаванні выпускнікоў медыцынскіх ВНУ традыцыйна прымае ўдзел міністр аховы здароўя. Сённяшні дзень не стаў выключэннем. "Кадравае пытанне галіны для нас прыярытэтнае, - падкрэсліў Уладзімір Каранік. - Асабісты ўдзел дазваляе зразумець, якімі кадрамі ўкамплектавана сістэма аховы здароўя, лепш пачуць патрэбы студэнтаў і паспрабаваць знайсці кампраміс паміж жаданнем выпускніка і магчымасцямі медустаноў".
У шэрагу выпадкаў месца працы можа памяняцца ў сувязі з новымі абставінамі. Па магчымасці камісія ідзе насустрач маладому спецыялісту. "Гэта спрыяе павышэнню камфортнасці жыцця выпускніка, а таксама павялічвае шансы яго замацавання на новым месцы пасля абавязковай адпрацоўкі. І мы бачым, што такі падыход працуе: з кожным годам працэнт замацавальнасці нашых маладых кадраў павялічваецца", - падкрэсліў міністр.
Сёння канчаткова вызначылася будучае месца працы акушэра-гінеколага Дар'і Сергун. Ім стане радзільны дом у Наваполацку. Першапачаткова мэтавае размеркаванне дзяўчыны было ў Глыбоцкую ЦРБ. Шмат у чым на рашэнне камісіі паўплываў той факт, што яна з чацвёртага курса пастаянна працавала ў клініках абласнога цэнтра, у тым ліку ў няпросты перыяд падыходу каранавіруснай інфекцыі працавала ў абласной клінічнай бальніцы. "Два месяцы падчас перапрафілявання клінікі мы працавалі з пацыентамі, хворымі на пнеўманіі і каранавірусную інфекцыю. Усім прадастаўлялася індывідуальная абарона (зменныя маскі, касцюмы, ахоўныя экраны), таму адчувалі сябе абаронена. Парадавалі надбаўкі, належныя па ўказе №131, якія ў нашым аддзяленні мы ўсе атрымалі", - адзначае выпускніца. На новым месцы працы ёй не давядзецца пачынаць з нуля. "У Полацку ў мяне ёсць жыллё, я адтуль родам, таму вельмі задаволена, што самастойнае жыццё пачну будаваць на сваёй малой радзіме", - дадала яна.