Распаўсюджванне кандыдатам у дэпутаты інфармацыі пра сябе праз Інтэрнэт не забаронена - Л.Ермошына
29 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Распаўсюджванне кандыдатам у дэпутаты інфармацыі аб сабе праз інтэрнэт у перыяд агітацыі не забаронена, паведаміла сёння падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына.
Яна адзначыла, што кандыдаты, магчыма, скарыстаюцца сусветнай павуцінай для інфармавання насельніцтва, і, калі інфармацыя будзе прыстойнай, не будзе ўтрымліваць забароненых пасажаў, якія ўзмацняць экстрэмізм у грамадстве, то ніякіх санкцый для таго, хто распаўсюдзіў, не будзе.
Што тычыцца ўлётак, то гэта друкаваная рэкламная прадукцыя, таму яны павінны раздавацца альбо на сустрэчах, у іншых месцах, альбо раскідвацца ў паштовых скрынях, вывешвацца на стэндах, а не перадавацца праз інтэрнэт ці электронную пошту. "Гэта ўжо будзе электроннае пасланне, а не ўлётка, бо ў ім не ўтрымліваюцца паліграфічныя даныя, а любы друкаваны матэрыял павінен змяшчаць звесткі аб тыражы, друкарні, нумары замовы і гэтак далей. Уся іншая прадукцыя ўжо незаконная, не падлягае распаўсюджванню на тэрыторыі Беларусі", - сказала Лідзія Ярмошына.
Адказваючы на пытанне аб тым, якую інфармацыю можна размяшчаць у агітацыйных улётках, а якую - нельга, старшыня ЦВК паведаміла, што забароны на злоўжыванне правам на перадвыбарную агітацыю змяшчае артыкул 47 Выбарчага кодэкса. Так, напрыклад, нельга заклікаць да гвалтоўнага звяржэння канстытуцыйнага ладу, вайны, сеяць нацыянальную, расавую, рэлігійную варожасць і рознь.
"Гэта агульныя правілы, якія распаўсюджваюцца і на сродкі масавай інфармацыі (закон аб СМІ таксама змяшчае такія абмежаванні). Усё астатняе, нават калі змяшчае крытыку (яе асабліва баяцца мясцовыя органы ўлады), не забаронена, калі знаходзіцца ў межах закона. Любое крытычнае выказванне не парушае абмежаванні, устаноўленыя законам", - дадала Лідзія Ярмошына.-0-