Пашырэнне межаў СЭЗ "Віцебск" на 900 га дазволіць прыцягнуць не менш за 450 млн. долараў інвестыцый
28 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Пашырэнне межаў СЭЗ "Віцебск" за кошт уключэння ў яе склад новых тэрыторый агульнай плошчай больш за 900 га дазволіць прыцягнуць інвестыцыі на суму не менш за $450 млн., а таксама стварыць больш за 1,2 тыс. працоўных месцаў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў адміністрацыі свабоднай эканамічнай зоны.
Павелічэнне плошчы СЭЗ "Віцебск" прадугледжана ўказам Прэзідэнта №674 ад 24 снежня 2010 года. У выніку пашырэння межаў СЭЗ у яе склад увайшлі сектары, размешчаныя ў Віцебску, Оршы, горадзе Барань і гарадскім пасёлку Болбасава Аршанскага раёна. Цяпер агульная плошча тэрыторыі СЭЗ "Віцебск" складае больш за 2,1 тыс. га.
Па ацэнцы спецыялістаў, новыя пляцоўкі СЭЗ валодаюць сур'ёзным інвестыцыйным патэнцыялам і дазволяць рэалізаваць цікавыя праекты з удзелам замежных інвестараў. Так, у гарадскім пасёлку Болбасава, дзе размешчаны Аршанскі авіярамонтны завод, створаны прыдатныя ўмовы для стварэння транспартна-лагістычнага цэнтра. Пляцоўка ў Барані, на якой размяшчаецца РУВП "Лес", дазваляе ў перспектыве рэалізаваць высокатэхналагічныя праекты. У цэлым дадатковыя тэрыторыі ствараюць новыя магчымасці для размяшчэння ў СЭЗ інавацыйных, высокатэхналагічных і значных па аб'ёме прыцягваемых інвестыцый праектаў, а таксама даюць магчымасць вырашыць пытанні эфектыўнасці выкарыстання вытворчых пляцовак, павелічэння аб'ёмаў вытворчасці прадукцыі, нарошчвання экспартнага патэнцыялу, знізіць напружанасць на мясцовым рынку працы.
СЭЗ "Віцебск" утворана ў жніўні 1999 года. Сёння ў СЭЗ рэалізуецца 37 інвестыцыйных праектаў на арэндных плошчах прамысловых прадпрыемстваў і шляхам будаўніцтва новых вытворчых аб'ектаў на зямельных участках. Да пашырэння межаў у СЭЗ свабоднымі былі крыху больш за 7% з 353 тыс. кв. м вытворчых плошчаў. Гэта будынкі і збудаванні, якія знаходзяцца ў незадавальняльным стане, не адпавядаюць патрабаванням інвестараў у плане наяўнасці інжынернай інфраструктуры і тэхнічных рашэнняў будаўнічай часткі.
Больш за 60% рэзідэнтаў СЭЗ "Віцебск" з'яўляюцца сумеснымі і замежнымі прадпрыемствамі, створанымі з удзелам інвестараў з 13 краін, у тым ліку Германіі, Польшчы, ЗША, Чэхіі, Вялікабрытаніі, Расіі, Канады, Галандыі і Ізраіля. Аснову прамысловага патэнцыялу СЭЗ складаюць прадпрыемствы, якія працуюць у сферы машынабудавання, дрэваапрацоўкі, харчовай, хімічнай, паліўнай і лёгкай прамысловасці. За 11 гадоў у СЭЗ прыцягнута замежных інвестыцый на суму больш за $108 млн., у асноўны капітал накіравана амаль Br231 млрд., выручка ад рэалізацыі прадукцыі склала звыш Br2,7 трлн. Рэзідэнтамі СЭЗ экспартавана прадукцыі на суму амаль Br620 млрд., выплачана ў бюджэт і пазабюджэтныя фонды амаль Br286 млрд. падаткаў, збораў і іншых плацяжоў. Усяго ў СЭЗ створана каля 3,5 тыс. працоўных месцаў.-0-