Пашыраныя кірмашы-продажы школьных тавараў пройдуць у Віцебскай вобласці 20 і 27 жніўня
11 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Пашыраныя кірмашы-продажы школьных тавараў пройдуць у Віцебскай вобласці 20 і 27 жніўня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні гандлю і паслуг Віцебскага аблвыканкама.
Кірмашы будуць арганізаваны ва ўсіх буйных гарадах, раённых цэнтрах вобласці і Віцебску. У апошнім яны разгорнуцца на ніжняй тэрасе Летняга амфітэатра. Шырокі асартымент канцтавараў, адзення і іншай прадукцыі тут прадставяць больш за 40 суб'ектаў гаспадарання. Усе мерапрыемствы будуць суправаджацца разнастайнымі конкурсамі і выступленнямі творчых калектываў устаноў культуры і адукацыі.
Гандаль школьнымі таварамі ўжо актыўна вядзецца ва ўсіх рэгіёнах вобласці, адзначылі ва ўпраўленні гандлю. Пры гэтым на перыяд сезону падрыхтоўкі школьнікаў да новага навучальнага года Віцебскі аблвыканкам прыняў распараджэнне аб абмежаванні гандлёвых надбавак на школьныя тавары да 25%. Многія гандлёвыя прадпрыемствы пастараліся праявіць лаяльнасць да пакупнікоў, арганізаваўшы розныя акцыі і не прымяняючы гранічных надбавак нават ва ўстаноўленым памеры. Напрыклад, Дом гандлю ў Оршы ўстанавіў гандлёвыя надбаўкі для шматдзетных сем'яў у памеры 13%. Зніжкі на набыццё тавараў прадастаўляюць шэраг магазінаў Віцебска, Наваполацка і іншых гарадоў.
Усяго ў гарадах і раённых цэнтрах рэгіёна дзейнічаюць больш за 30 пастаянна дзеючых школьных базараў. Прадпрыемствы гандлю ў поўным аб'ёме забяспечаны ўсім неабходным асартыментам школьных тавараў. Па падліках, экіпіроўка малодшага школьніка ў гэтым сезоне абыдзецца жыхарам Віцебска ў суму ад Br430 тыс. да Br1,1 млн., старэйшакласнікаў - ад Br520 тыс. да Br1,2 млн.-0-