Раслінны алей ААТ «Віцебскі МЭЗ» выкарыстоўваецца для вытворчасці біяпаліва ў Беларусі і Еўропе

Растительное масло ОАО «Витебский МЭЗ» используется для производства биотоплива в Беларуси и Европе

Запуск новага падрыхтоўча-прэсавальнага аддзялення ААТ «Віцебскі МЭЗ» дазволіў значна павялічыць аб'ёмы выпуску прадукцыі

Дзякуючы мадэрнізацыі маслаэкстракцыйнага цэха, у склад якога ўваходзіць падрыхтоўча-прэсавальнае аддзяленне, прадукцыйнасць павялічылася з 300 тон у суткі да 405. У цяперашні час доля завода ў агульным аб'ёме вытворчасці раслінных масел прадпрыемствамі рэспублікі складае больш за 20%. Завод можа перапрацоўваць да 130 тыс. тон сыравіны ў год. Нерафінаваны раслінны алей паступае на тлушчавыя камбінаты Беларусі, дзе ён рафінуецца і затым ідзе на продаж, а таксама выкарыстоўваецца для прыгатавання маянэзаў, маргарыну. Запатрабаваны ён і ў іншых краінах: Балтыі, Заходняй Еўропе, Скандынавіі. Акрамя таго, раслінны алей гандлёвай маркі «Экстрол» з Віцебска – гэта аснова для вытворчасці біяпаліва ў Беларусі і Еўропе.

Начальнік цэха Святлана Печынская паказвае старыя фота, на якіх можна ўбачыць, як выглядала вытворчасць у пачатку трыццатых гадоў мінулага стагоддзя, калі ў горадзе на Дзвіне толькі пачалі перапрацоўваць насенне лёну. Тады гэта была адзіная культура, пасля яе замяніў рапс. Побач з корпусам у тыя гады стаяў паравоз, які падаваў у цэх пар. За мінулы час многае змянілася, сёння МЭЗ – найсучаснейшая вытворчасць, якая не саступае аналагічным заводам у развітых заходніх краінах. Пра гэта Святлана Канстанцінаўна кажа са знаннем справы, паколькі, займаючыся ў свой час укараненнем новай тэхнікі, сама пабывала на прадпрыемствах Чэхіі, Германіі.

Маслаэкстракцыйны цэх называюць сэрцам завода. Таму да яго асаблівая ўвага. Віцебскі МЭЗ – адзінае прадпрыемства ў рэспубліцы, якое перапрацоўвае насенне метадам форпрэсавання-экстракцыі. Дадзеная тэхналогія дазваляе максімальна выняць з іх каштоўны раслінны алей. Пабочны прадукт – шрот – выкарыстоўваецца ў вытворчасці высокакаларыйных кармоў для жывёлы і птушкі. Святлана Печынская тлумачыць, што ўсе працэсы цалкам аўтаматызаваны. На экстракцыйным участку крыху раней усталявалі найноўшае абсталяванне, наступным крокам стала ўзвядзенне сучасных сілосаў элеватара, а мінулай восенню пабудавана падрыхтоўча-прэсавае аддзяленне.

– Вывучыўшы рынак абсталявання, мы выбралі нямецкую кампанію «CPM SKET». Цікава, што ў нас у старым цэху стаяць іх прэсы. Калі прыязджалі спецыялісты з Германіі, здзіўляліся, што яны яшчэ працуюць, прычым на поўную магутнасць. Для іх гэта рарытэт, – распавядае Святлана Канстанцінаўна.

З запускам новага цэха адбылася аптымізацыя штата. Колькасць людзей, задзейнічаных у працы, скарацілася амаль удвая. Цяпер на падрыхтоўчым і ўчастку экстракцыі працуюць па два аператары, яшчэ адзін – у старым цэху, дзе ўсталяваны прэс аднакратнага прэсавання. З імі ў змене адзін наладчык. Усе работнікі прайшлі перанавучанне. Значна палепшыліся ўмовы працы, галоўнае месца аператара сёння не ў шумным цэху, а ў аператарнай каля манітораў.

– Захаваўся асноўнышматкалектыву, многія на прадпрыемстве па 20 гадоў, ёсць працоўныя дынастыі: Якаўлевых, Хлебоўскіх, Тарушка. Працуюць разам бацькі і дзеці, мужы і жонкі. Цяжка кагосьці вылучыць, усе высокакваліфікаваныя спецыялісты. І моладзь годная, – кажа начальнік цэха.

Яе намесніца Таццяна Гардецкая прыйшла на прадпрыемства тры гады таму пасля заканчэння Беларускага тэхналагічнага інстытута і адразу ўлілася ў дружны калектыў. На сваім месцы і вядучы тэхнолаг Ларыса Хлебаўская. Дарэчы, на Віцебскі МЭЗ заўсёды было цяжка ўладкавацца, а маслаэкстракцыйны цэх наогул лічыўся элітным падраздзяленнем. Так што сюды бралі толькі лепшых. Людзі шануюць сваё месца, на зарплату не скардзяцца. Ганарацца, што працуюць на сучаснай вытворчасці.

А працэс абнаўлення прадпрыемства будзе працягнуты. У бліжэйшых планах – набыццё лініі гранулявання шроту. На парадку дня і мадэрнізацыя элеватара шроту, ёмістасць якога даўно не адпавядае неабходнай. Мадэрнізацыя, як лічыць кіраўніцтва завода на чале з дырэктарам Аляксандрам Марэйкам, – залог поспеху прадпрыемства, якое займае важнае месца ў эканоміцы Беларусі.

Таццяна Пастэрнак, "Віцебскія весці"