Выдаткі на стварэнне лічбавай копіі Полацкага Евангелля возьме на сябе расійскі бок

10 лютага, Мінск /Жанна Катлярова - БЕЛТА/. Выдаткі на стварэнне лічбавай копіі Полацкага Евангелля возьме на сябе расійскі бок. Як паведаміў сёння журналістам міністр культуры Беларусі Павел Латушка, такая інфармацыя паступіла днямі ад міністра культуры Расійскай Федэрацыі Аляксандра Аўдзеева, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Гэта вельмі важны праект, мы плануем абнавіць гэты рарытэт нашай краіны", - сказаў Павел Латушка. Плануецца, што алічбоўкай Полацкага Евангелля, якое, як мяркуецца, перапісана ў XII стагоддзі Ефрасінняй Полацкай, спецыялісты Расійскай нацыянальнай бібліятэкі зоймуцца ў лютым. Гэта стане этапам падрыхтоўкі рарытэта факсімільнага выдання Полацкага Евангелля, якое плануецца выпусціць да 1150-годдзя з дня заснавання Полацка ў 2012 годзе. Акрамя таго, расійскі бок возьме на сябе выдаткі па алічбоўцы часткі архіваў Радзівілаў, якія знаходзяцца ў Санкт-Пецярбургу. Вяртанне ў краіну гісторыка-культурных каштоўнасцей немагчыма, але існуе варыянт вяртання іх у віртуальным выглядзе. У канцы лютага плануецца пасяджэнне спецыяльнай урадавай камісіі па вяртанні гісторыка-культурных каштоўнасцей, дзе Міністэрства культуры плануе прадставіць сваё бачанне, якія праекты варта было б імкнуцца рэалізаваць у найбліжэйшы час. Павел Латушка не выключыў, што ў Беларусі могуць з'явіцца гарады са статусам горад-музей. Але першапачаткова неабходна ўсебакова прааналізаваць, вывучыць, што азначае той ці іншы горад для гісторыі, для сучаснасці, што трэба зрабіць у перспектыве, каб было адпаведнасць статусу.-0-