Выдаткі на ЖКГ у бюджэтах сельвыканкамаў Віцебскай вобласці ў 2010 годзе павялічаны на 12%

22 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Выдаткі на жыллёва-камунальную гаспадарку ў бюджэтах сельскіх і пасялковых выканкамаў Віцебскай вобласці ў 2010 годзе павялічаны на 12% у параўнанні з 2009 годам, паведаміў сёння на пашыраным пасяджэнні прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў старшыня аблсавета Аляксандр Ацясаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. У структуры першасных бюджэтаў на бягучы год выдаткі на галіну ЖКГ складаюць Br19,1 млрд., або 47%. На добраўпарадкаванне населеных пунктаў плануецца накіраваць Br11,2 млрд. У гэты артыкул уключаны ўтрыманне і рамонт вулічных дарог, асвятленне населеных пунктаў. Аляксандр Ацясаў адзначыў, што ў 2009 годзе сельскім і пасялковым саветам удалося зэканоміць амаль Br1 млрд. за кошт рацыянальнага выкарыстання электраэнергіі на вулічнае асвятленне. На працягу 2008-2009 гадоў ва ўсіх сельскіх населеных пунктах былі ўстаноўлены спецыяльныя рэле часу, якія дазвалялі аўтаматычна рэгуляваць асвятленне ў залежнасці ад часу сутак. На гэтыя мэты з абласнога і мясцовых бюджэтаў за два гады было накіравана каля Br840 млн. Даходная частка бюджэтаў першаснага ўзроўню вобласці на 2010 год сфарміравана ў памеры Br40,5 млрд., з іх уласныя і замацаваныя даходы складаюць 70%. -0-