Ратны подзвіг аршанцаў у гады Вялікай Айчыннай вайны адзначаны вымпелам

24 жніўня, Орша /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Оршы сёння ўручаны вымпел "За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны" і ганаровая грамата да вымпела, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Узнагароджанне Оршы вымпелам - гэта прызнанне заслуг, выключнай доблесці і стойкасці ратнага подзвігу аршанцаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, сапраўды каласальнай працавітасці і самаадданай любові да роднага горада", - сказаў на ўрачыстай цырымоніі першы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Навацкі. За амаль тысячагадовую гісторыю аршанская зямля была арэнай шматлікіх бітваў, неаднаразова спусташалася і адраджалася зноў. Найвялікшым выпрабаваннем для яе стала Вялікая Айчынная вайна. З першых дзён вайны Орша апынулася ў зоне ваенных дзеянняў. З 23 чэрвеня 1941 года горад рэгулярна падвяргаўся налётам варожых бамбардзіроўшчыкаў. Менавіта пад Оршай адбылася падзея, якая стала знакавай для гісторыі савецкай зброі: 14 ліпеня ў 15 гадзін 17 хвілін быў зроблены першы залп з легендарнай ракетнай устаноўкі БМ-13 "Кацюшы" па нямецкіх эшалонах з тэхнікай і салдатамі. Вораг панёс значныя страты. Нягледзячы на мужнасць абаронцаў Оршы, 16 ліпеня горад быў заняты нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Толькі на працягу першага года акупацыі ў Оршы былі павешаны і расстраляны каля 2 тыс. мірных жыхароў. Насуперак акупацыйнаму рэжыму ў горадзе дзейнічала магутнае патрыятычнае падполле: 50 падпольных груп, самай вядомай з якіх была група Канстанціна Заслонава. Заслонавымцы знішчылі каля 8 тыс. варожых салдат і афіцэраў, падарвалі больш за 12 тыс. рэек, 40 мастоў, пусцілі пад адхон звыш 200 вайсковых эшалонаў. Тры гады працягвалася акупацыя Оршы. Раніцай 27 ліпеня 1944 года ў ходзе стратэгічнай наступальнай аперацыі "Баграціён" Орша была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў войскамі 3-га Беларускага фронту пад камандаваннем генерал-палкоўніка Івана Чарняхоўскага. На франтах вайны Орша страціла 11 тыс. сваіх сыноў і дачок. Дзесяць ураджэнцаў горада ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. У Віцебскай вобласці пяць населеных пунктаў - Віцебск, Полацк, Орша, Бегамль, Ушачы - удастоены вымпела "За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны".-0-