Памер аднаразовай дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці ў Беларусі будзе павялічаны ўдвая

3 сакавіка, Мінск /Надзея Радзівон - БЕЛТА/. Памер аднаразовай дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці павялічыцца ўдвая. Аб гэтым паведаміла сёння старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, сустаршыня ГА "Беларускі саюз жанчын" Антаніна Марова падчас online канферэнцыі на сайце БЕЛТА. Яна адзначыла, што дзяржава ўзмоцніць матэрыяльны складнік падтрымкі сям'і. Акрамя павелічэння аднаразовай дапамогі прадугледжваецца павелічэнне дапамогі па доглядзе за дзіцем ва ўзросце да трох гадоў - яна складзе да 35-40% ад сярэдняй заработнай платы па рэспубліцы. Дарэчы, з 1 лютага бягучага года штомесячная дапамога па доглядзе за дзіцем да дасягнення ім узросту трох гадоў роўная Br296 тыс. 870. "Павелічэнне памеру гэтай дапамогі да бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва - вельмі добрае дасягненне", - сказала Антаніна Марова. Таксама будзе аказвацца дапамога шматдзетным у вырашэнні жыллёвай праблемы. Тых, хто мае патрэбу, падтрымаюць у пагашэнні льготных крэдытаў: сем'ям, якія выхоўваюць траіх непаўналетніх дзяцей, - да 75%, чацвярых і больш - 100%. У цэлым цяпер у Беларусі адзначаецца запаволенне тэмпаў росту нараджальнасці, што абумоўлена аб'ектыўнымі прычынамі - скарачаецца колькасць жанчын фертыльнага ўзросту (ва ўзросце 15-49 гадоў). "У 2005-2009 гадах быў самы высокі ўдзельны вага жанчын дзетарароднага ўзросту, і мы стараліся "націскаць на ўсе педалі", каб павялічыць нараджальнасць. І нам удалося выкарыстаць дэмаграфічны шанец. Цяпер па аб'ектыўных прычынах пойдзе некаторае зніжэнне нараджальнасці, і да гэтага трэба спакойна ставіцца", - адзначыла Антаніна Марова.-0-