Распрацавана стратэгія тэхпераўзбраення Аршанскага льнокамбіната ў перыяд да 2012 года

27 красавіка, Ворша /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Распрацавана стратэгія тэхнічнага пераўзбраення Рэспубліканскага ўнітарнага вытворча-гандлёвага прадпрыемства "Аршанскі льнокамбінат" на перыяд 2010-2012 гады. Пра гэта паведаміў сёння журналістам генеральны дырэктар льнокамбіната Уладзімір Несцярэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Стратэгія прадугледжвае поўнае тэхнічнае пераўзбраенне чатырох дзейных фабрык, а таксама будаўніцтва яшчэ адной - ткацка-прадзільнай. Па папярэдніх ацэнках, агульны аб'ём інвестыцый ацэньваецца ў Br500 млрд. Стратэгія будзе прадстаўлена на разгляд Савета Міністраў у бліжэйшы час. Работа па мадэрнізацыі Аршанскага льнокамбіната пачалася ў 2007 годзе. На тэхпераўзбраенне камбіната летась з бюджэту было накіравана Br53 млрд., што дазволіла пашырыць асартымент змешаных тканін, пачаць вытворчасць тканіны тыпу джынс, пашырыць каляровую гаму. Аршанскі льнокамбінат з'яўляецца адзіным у рэспубліцы прадпрыемствам па вытворчасці і рэалізацыі ільняных тканін і іншых вырабаў са лёну. Доля прадпрыемства ў прамысловай вытворчасці горада складае 27%, тут працуюць больш за 33% ад агульнай колькасці занятых у прамысловасці. У склад льнокамбіната ўваходзіць пяць фабрык, працэс вытворчасці ільняных тканін уключае каля 100 тэхналагічных працэсаў. На прадпрыемстве вядзецца тэхнічнае перааснашчэнне вытворчасці, усталёўваецца новае тэхналагічнае абсталяванне. Знос асноўных фондаў у цэлым па льнокамбінаце складае 56,6%. Да пачатку 2012 года за кошт перааснашчэння плануецца, што знос абсталявання знізіцца да 32,3%. -0-