Распрацоўка генплана забудовы Віцебска будзе завершана ў пачатку 2015 года

Падрыхтоўка графічнай часткі генеральнага плана забудовы Віцебска будзе завершана да канца года, а ўвесь пакет дакументаў і матэрыялаў будзе адпраўлены ў Мінск на ўзгадненне ў пачатку 2015 года, паведаміў сёння журналістам галоўны архітэктар горада Віцебска Віталь Дубік падчас адкрыцця экспазіцыі "Зазірнуць у будучыню", прымеркаванай да Сусветнага дня архітэктуры, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Карэктура генеральнага плана, зацверджанага яшчэ ў 2003 годзе, была неабходна, каб правільна спрагназаваць і вызначыць далейшую працу ўсяго будаўнічага комплексу. У бліжэйшыя 2-3 гады будаўніцтва жылля ў мікрараёне Білева будзе завершана. Гэта наша асноўная будаўнічая пляцоўка. Яна ўжо досыць насычана аб'ектамі гандлю. Зараз актуальна будаўніцтва дашкольных устаноў, школ і паліклінічнага комплексу, а таксама аб'ектаў адпачынку", - падкрэсліў Віталь Дубік.

Наступным жылым раёнам пад асваенне стане мікрараён Лучоса на ўездзе з боку Бешанковіцкай шашы. Ён уключаны ў генплан на найбліжэйшую перспектыву - 2020 год. Асваенне гэтай часткі горада прадугледжвае з'яўленне тут комплексу з шматпавярховым і індывідуальным жыллём, спадарожнай інфраструктурай і прамысловай вытворчасцю на футравым камбінаце, які стаў часткай гарбарна-абутковага холдынгу. Рэканструкцыя яго вытворчых плошчаў ужо пачата. У комплекс уключаны і існуючы жылы раён: суседні пасёлак Тарны таксама трапіў пад рэканструкцыю, асваенне і добраўпарадкаванне.

Спецыялісты УП "Інстытут Віцебскграмадзянпраект" запраектавалі і квартал забудовы па вуліцы Ленінградскай - гэта ўязная брама ў горад з Пецярбургскага напрамку. Тут прадугледжаны квартал дзесяціпавярховай жылой забудовы з усёй суправаджальнай інфраструктурай. Забудова мікрараёна Сакольнікі побач з Білева ўключана ў генплан на больш далёкую перспектыву.

Чыноўнік спыніўся на абмяркоўваемых сярод насельніцтва праектах, у прыватнасці праекце жылой забудовы ў цэнтры горада на вуліцах Баўмана, Міра, Даватара. Замест ветхага прыватнага сектара тут прадугледжваецца ўзвесці камфортнае шматпавярховае жыллё, аб'екты сацыяльнай інфраструктуры, аквапарк і працягнуць добраўпарадкаванне тэрыторыі, прылеглай да ракі Віцьба. Будзе пабудаваны невялікі дзіцячы парк, спартыўна-забаўляльная зона адпачынку.

Што тычыцца іншых аб'ектаў, Віталь Дубік адзначыў працяг работ па добраўпарадкаванні вуліцы Калініна і тэрыторый уздоўж левага берага Заходняй Дзвіны са стварэннем шматфункцыянальнай зоны адпачынку насельніцтва.

Кацярына Князева