Распрацоўка супрацоўнікаў Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта дазволіла захаваць жыццё 47 чалавек

17 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Распрацоўка супрацоўнікаў кафедры тэхналогіі трыкатажнай вытворчасці Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта (ВДТУ) - падтрымліваючая прылада жалудачкаў сэрца для хворых на кардыяміяпатыю - дазволіла за два гады захаваць жыццё 47 чалавек, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА асістэнт кафедры Ірына Тхарэва. Распрацоўка выканана сумесна са спецыялістамі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра кардыялогіі пад кіраўніцтвам прафесара Юрыя Астроўскага. Пры кардыяміяпатыі ў першую чаргу пакутуе сардэчная мышца. Адным са прыкмет захворвання з'яўляецца павялічаны памер сэрца, з-за чаго орган губляе насосныя функцыі і ў выніку парушаецца кровазварот. Па заданні і сумесна з РНПЦ віцебскія спецыялісты распрацавалі як саму канструкцыю падтрымліваючай прылады, так і матэрыял для яе вырабу. Выраб разлічаны на пажыццёвае функцыянаванне і не аказвае адмоўнага ўздзеяння на арганізм чалавека. Пасля паспяховага праходжання клінічных выпрабаванняў і атрымання рэгістрацыйнага пасведчання Міністэрства аховы здароўя выпуск вырабу асвоены на эксперыментальным доследным прадпрыемстве ВДТУ. За 2008-2009 гады спецыялісты РНПЦ "Кардыялогія" правялі 47 аперацый па імплантацыі падтрымліваючай прылады. Выраб уяўляе сабой пругкую трыкатажную абалонку, якая фактычна надзяваецца на хворае сэрца. У ходзе работ спецыялісты віцебскай ВНУ распрацавалі структуру матэрыялу, стварылі аптымальную канструкцыю вырабу, а таксама прапанавалі выкарыстоўваць радыяцыйны спосаб стэрылізацыі вырабу. Вынікі даследаванняў паказалі, што менавіта гэты спосаб стэрылізацыі не выклікае змяненняў фізіка-механічных уласцівасцей вырабу. Спецыялісты ВДТУ абаранілі патэнтам штучны матэрыял, які ўжываецца для яго вырабу. Айчынная распрацоўка на парадак таннейшая за замежныя аналагі. Эксперыментальнае доследная прадпрыемства ВДТУ гатова выпускаць выраб у колькасці, неабходнай для правядзення складаных аперацый.-0-