Распрацоўкі школьніка з Глыбоцкага раёна прызнаны лепшымі ў адной з намінацый праекта «100 ідэй для Беларусі»
На днях рэспубліканскі экспертны савет вызначыў фіналістаў маладзёжнага праекта «100 ідэй для Беларусі». Па выніках 2013 года ў залатую дзясятку ўвайшоў навучэнец 8 класа Глыбоцкай раённай гімназіі Уладзіслаў Лоўцэвіч. Яго сайты «Дзень беларускага пісьменства» і «Віртуальны тур па музеях Глыбоччыны» прызнаны лепшымі распрацоўкамі ў намінацыі «Сацыяльная сфера».
Па словах кіраўніка праекта настаўніка інфарматыкі Лідзіі Раманчук, разнапланавая інфармацыя, размешчаная на гэтых інтэрнэт-рэсурсах, будзе цікавая любому карыстальніку. На абодвух сайтах звесткі падаюцца на беларускай мове з аўтаматычным перакладам на іншыя мовы.
Уладзіслаў Лоўцэвіч лічыць, што матэрыялы яго праектаў могуць стаць базай для адкрыцця факультатыўнага курса па вывучэнні нацыянальнай культуры і гісторыі.
Вікторыя Чэкушка, "Віцебскія весці"