Развіццё авіяперавозак можа павысіць дзелавы і турыстычны патэнцыял Віцебскай вобласці - эксперт
20 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Супрацоўніцтва расійскіх авіяперавозчыкаў і аэрапорта "Віцебск" можа спрыяць развіццю дзелавой і турыстычнай актыўнасці ў Віцебскай вобласці. Такое меркаванне ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА выказаў генеральны дырэктар расійскага ТАА "Траверс-Авія Сервіс" Аляксей Фёдаравіч. У складзе дэлегацыі расійскіх бізнесменаў, якія займаюцца забеспячэннем і абслугоўваннем авіяперавозак, ён прыняў удзел у міжнародным інвестыцыйным форуме, які завяршыўся сёння ў Віцебску.
Расійскія кампаніі, якія спецыялізуюцца на паслугах у галіне авіяперавозак, праяўляюць цікавасць да супрацоўніцтва з віцебскім аэрапортам. Сярод перспектыўных напрамкаў такога партнёрства Аляксей Фёдаравіч вылучыў развіццё рэгіянальных пасажырскіх перавозак і абслугоўванне палётаў бізнес-авіяцыі. Выгаднае геаграфічнае становішча аэрапорта "Віцебск" разам з перспектывамі развіцця вобласці ў цэлым ствараюць прывабную аснову для наладжвання кантактаў у сферы авіяперавозак, лічыць ён.
Сёння ў свеце самымі актыўнымі авіяпасажырамі з'яўляюцца турысты і бізнесмены, але для іх прыцягнення неабходна ствараць адпаведныя ўмовы і інфраструктуру, пачынаючы з аэрапорта, адзначыў Аляксей Фёдаравіч. Рэалізацыя прапаноў, выказаных падчас перамоў, дазволіць павысіць канкурэнтаздольнасць віцебскага аэрапорта пры забеспячэнні прамых і транзітных авіяперавозак, а таксама паслужыць фарміраванню іміджу Віцебска як сучаснага цэнтра дзелавой і турыстычнай актыўнасці.
Магчымыя варыянты і ўмовы ўзаемадзеяння абмяркоўваліся падчас перамоў з кіраўніцтвам аблвыканкама і Віцебскім філіялам РУП "Белаэранавігацыя". Акрамя таго, члены расійскай дэлегацыі падзяліліся вопытам работы ў сферы арганізацыі і забеспячэння абслугоўвання бізнес-авіяцыі. Расійскія бізнесмены таксама наведалі віцебскі філіял РУП "Белаэранавігацыя", дзе пазнаёміліся з патэнцыялам аэрапорта па абслугоўванні авіярэйсаў і перспектыўнымі праектамі па развіцці аэравакзальнага комплексу і прылеглай інфраструктуры.
У міжнародным інвестыцыйным форуме "Інвестыцыйныя ініцыятывы Віцебскай вобласці" прынялі ўдзел больш за 400 прадстаўнікоў дыпламатычных місій і бізнесменаў з амаль 20 краін, у тым ліку Латвіі, Літвы, Польшчы, Германіі, Балгарыі, Славакіі, Кітая, Ірана, Індыі. Падчас дзелавых сустрэч і перамоў было падпісана больш за 40 дагавораў і пагадненняў аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве і рэалізацыі канкрэтных праектаў паміж гарадамі, раёнамі Віцебскай вобласці і замежнымі партнёрамі. Прадпрыемствы і арганізацыі Прыдзвінскага краю прадставілі на разгляд патэнцыяльных інвестараў больш за 150 інвестыцыйных праектаў па стварэнні сучасных вытворчасцей будматэрыялаў з мясцовых відаў сыравіны і другасных рэсурсаў, дрэваапрацоўцы, развіцці турыстычнай інфраструктуры, аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу і шэрагу іншых напрамкаў дзейнасці.
Удзельнікам таксама была прадастаўлена інфармацыя аб заканадаўчай базе Беларусі, якая спрыяе і падтрымлівае развіццё бізнесу ў малых гарадах і СЭЗ "Віцебск". Акрамя таго, госці эканамічнага форуму атрымалі магчымасць азнаёміцца з дзеючымі сумеснымі і замежнымі прадпрыемствамі ў Віцебску і наведаць пляцоўкі, адведзеныя пад рэалізацыю інвестыцыйных праектаў у сферы турызму і гандлю.-0-