Развіццё прыватнага сектара дазволіць Беларусі захаваць сацыяльную накіраванасць эканомікі - сенатар

3 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Развіццё прадпрымальніцкай ініцыятывы дазволіць Беларусі захаваць сацыяльную накіраванасць эканомікі. Перакананасць у гэтым выказаў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА генеральны дырэктар СТАА "Марка", член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, удзельнік чацвёртага Усебеларускага народнага сходу Мікалай Мартынаў, каментуючы праект асноўных палажэнняў праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2011-2015 гады. На думку Мікалая Мартынава, дзяржава пайшла правільным шляхам развіцця, адмовіўшыся ад шакавай тэрапіі і будуючы сацыяльна арыентаваную эканоміку. "Скандынаўская мадэль сацыяльнай абароны найбольш прымальная для Беларусі", - упэўнены ён. Аднак для таго, каб сацыяльная сфера ўмацоўвалася, неабходна стабільна працуючая эканоміка. Прапанаваны да разгляду ўдзельнікаў Усебеларускага сходу праект развіцця краіны вызначае асноўныя прыярытэты, сярод якіх падтрымка прыватнай ініцыятывы. "Сам факт таго, што дзяржава прызнае прадпрымальніка як гульца на эканамічным полі, сведчанне таго, што сярэдні клас у краіне будзе развівацца", - лічыць Мікалай Мартынаў. Разам з тым паспяховы бізнес - гэта не толькі крыніца папаўнення дзяржбюджэту, але і магчымасць для Беларусі хутчэй інтэгравацца ў сусветную эканоміку. "Калі краіна рэалізуе пастаўленыя праектам задачы, то яна ўвойдзе ў сусветную эканоміку", - сказаў Мікалай Мартынаў.-0-