Развіццё інфраструктуры чыгункі адкрывае новыя магчымасці для супрацоўніцтва Беларусі і Латвіі - Н.Верхавец
29 красавіка, Верхнядзвінскі раён /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Развіццё інфраструктуры чыгункі адкрывае новыя магчымасці для гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Латвіяй. Аб гэтым заявіў першы намеснік міністра транспарту і камунікацый Беларусі Мікалай Веравец сёння на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця руху цягнікоў па другім пуці на ўчастку Бігосава (Верхнядзвінскі раён Віцебскай вобласці) - Індра (Латвія), перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адкрыццё новай галінкі чыгуначных зносін з'яўляецца таксама знакавай падзеяй для развіцця транспартнага патэнцыялу Беларусі, сказаў Мікалай Веравец. На памежны пераход Бігосава-Індра прыпадае 38% экспарту ўсіх беларускіх грузаў і 46% ад агульнага аб'ёму транзітных перавозак Беларускай чыгункі. Двухбаковы рух у гэтым напрамку дае магчымасць павялічыць прапускную здольнасць пераходу ў паўтара раза і дадаткова перавозіць амаль 7 млн.т грузаў у год. Гэта значна павышае прывабнасць чыгуначных перавозак і дазваляе ў перспектыве актывізаваць супрацоўніцтва Беларусі і Латвіі па нарошчванні экспарту.
Будаўніцтва другога пуці вялося адначасова беларускай і латвійскай чыгункамі. "Беларусь для нас заўсёды была не толькі добрым суседам, але і надзейным партнёрам", - адзначыў на цырымоніі міністр паведамленняў Латвійскай Рэспублікі Каспарс Герхардс. Новая галінка не толькі палепшыць транспартныя зносіны, але і дасць дадатковыя магчымасці для развіцця эканомік Беларусі і Латвіі, перакананы міністр.
Будаўніцтва другога пуці на ўчастку Бігосава-Індра працягласцю 7 км з'яўляецца першым этапам праекта па павелічэнні прапускной здольнасці ўчастка Полацк-Бігосава. На гэтыя мэты Беларуская чыгунка накіравала Br17 млрд. Будаўніцтва двухпутных перагонаў на ўчастку Полацк - мяжа Латвіі плануецца завяршыць да 2016 года. Па ацэнках спецыялістаў БЧ, на гэтым напрамку прагназуецца павелічэнне транзітных перавозак на 4,4%, а таксама экспартна-імпартных перавозак на 4,7%. -0-