Развіццё ядзернай энергетыкі дазволіць Беларусі да 2020 года замясціць каля 5 млн.т імпартнага паліва

11 сакавіка, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Развіццё ядзернай энергетыкі дазволіць Беларусі да 2020 года замясціць імпартуемае паліва ў аб'ёме каля 5 млн.т. Аб гэтым паведаміў сёння на навукова-практычнай канферэнцыі ў Мінску намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Гэта прывядзе да зніжэння сабекошту вытворчасці электраэнергіі ў цэлым па рэспубліцы. Акрамя таго, краіна зможа скараціць выкіды парніковых газаў на 7-10 млн.т", - сказаў намеснік міністра. Міхаіл Міхадзюк адзначыў, што Беларусь правяла вялікую і дэталёвую працу па выбары праекта па будаўніцтве АЭС. "Мы вывучылі патэнцыял і магчымасці ўсіх разгляданых праектаў, у выніку выбар быў зроблены на карысць сучаснага расійскага праекта - АЭС-2006", - сказаў ён. Гэты праект адзін з самых сучасных, ён спалучае ў сабе аптымальную колькасць актыўных і пасіўных сістэм бяспекі будучай атамнай электрастанцыі. Намеснік міністра нагадаў, што праект міжурадавага пагаднення аб супрацоўніцтве Беларусі і Расіі па будаўніцтве АЭС падрыхтаваны. З беларускага боку дакумент прайшоў усе неабходныя ўнутрыдзяржаўныя працэдуры, у Расіі - працягвае праходзіць гэтыя працэдуры. "Мы разлічваем, што дакумент будзе падпісаны ў бліжэйшы час", - дадаў намеснік міністра. Падрыхтоўваюцца таксама і кантрактныя дакументы на будаўніцтва АЭС. Міхаіл Міхадзюк дадаў, што выканана і дэталёвая праца па выбары пляцоўкі для будаўніцтва новага аб'екта. Па выніках праведзеных даследаванняў спецыялістамі ўстаноўлена, што Астравецкая пляцоўка лепш за ўсё падыходзіць для будаўніцтва АЭС. Гэты выбар ацэньвалі эксперты МАГАТЭ. "Яны далі высокую ацэнку праведзенай нашымі вучонымі і спецыялістамі працы па выбары пляцоўкі, а таксама яе вынікаў", - рэзюмаваў намеснік міністра.-0-