Развіццё субкантрактацыі стане адной з галоўных тэм міжнароднага эканамічнага форуму ў Віцебску

18 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Развіццё субкантрактацыі паміж буйнымі прадпрыемствамі і суб'ектамі малога бізнесу стане адной з галоўных тэм III Міжнароднага эканамічнага форуму "Твой бізнес", які пройдзе 24 лістапада ў Віцебску. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла дырэктар камунальнага кансалтынгавага унітарнага прадпрыемства "Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу" Людміла Пракоф'ева. Выставачны праект "Твой бізнес" ствараўся і развіваецца як пляцоўка для дзелавых зносін бізнесменаў, дзе прэзентуюцца сучасныя тэхналогіі арганізацыі і вядзення бізнесу, перспектыўныя рашэнні ў галіне менеджменту і маркетынгу. У бягучым годзе цікавасць да мерапрыемства праявілі прадстаўнікі дыпламатычных місій і бізнес-структур Германіі, Славакіі, Расіі і Украіны. Асноўнай мэтай форуму з'яўляецца павышэнне ўспрымальнасці кіраўнікоў рэгіянальных бізнес-структур да новых методык арганізацыі эфектыўнага кіравання, садзейнічанне ў прасоўванні сучасных інструментаў вядзення бізнесу, інвестыцыйных праектаў і перспектыўных бізнес-ідэй. Акрамя таго, правядзенне такога мерапрыемства ў абласным цэнтры спрыяе актывізацыі ўзаемадзеяння айчынных і замежных прадпрыемстваў і бізнес-аб'яднанняў, у тым ліку іх інвестыцыйнага супрацоўніцтва. У дзелавой праграме трэцяга па ліку форуму арганізатары вырашылі акцэнтавана ўвагу надаць развіццю субкантрактацыі як адной з найбольш актуальных для Віцебскай вобласці форм арганізацыі вытворчасці. Упершыню падчас мерапрыемства пройдзе біржа па субкантрактацыі, аб сваім удзеле ў якой ужо заявілі каля 20 буйных прадпрыемстваў вобласці і Мінска з гатовымі прапановамі для малога бізнесу па развіцці кааперацыйных сувязей. Яшчэ адной навінкай форуму стане біржа бізнес-ідэй, падчас якой пройдуць прэзентацыі маркетынгавых даследаванняў рэсурснага патэнцыялу і перспектыўных напрамкаў развіцця бізнесу ў сельскіх раёнах Віцебскай вобласці, інвестпрапаноў раёнаў вобласці, а таксама маёмасных комплексаў, аб'ектаў нерухомасці і гатовых бізнэсаў, якія плануюцца да продажу ў вобласці. Па традыцыі падчас правядзення форуму суб'екты гаспадарання прадставяць свае прадукты і рашэнні па шырокім спектры паслуг для бізнесу на спецыялізаванай выставе. Адукацыйная праграма форуму прадугледжвае правядзенне чатырох семінараў па асновах бізнесу і падтрымцы прадпрымальніцтва, сучасных тэхналогіях маркетынгу, менеджменту і прымяненні інфармацыйных тэхналогій для павышэння канкурэнтных пераваг у рынкавай эканоміцы. Перад удзельнікамі выступяць прадстаўнікі вядомых прадпрыемстваў, кансалтынгавых, юрыдычных кампаній, вышэйшых навучальных устаноў, бізнес-асацыяцый. Асноўнай мэтавай аўдыторыяй праекта з'яўляюцца кіраўнікі прадпрыемстваў, бізнесмены, зацікаўленыя ў павышэнні канкурэнтаздольнасці свайго бізнесу, у тым ліку шляхам укаранення сучасных рашэнняў у сферы кіравання, а таксама пачаткоўцы прадпрымальнікі, адзначыла Людміла Пракоф'ева. Арганізатарамі эканамічнага форуму выступаюць Віцебскі аблвыканкам, камунальнае кансалтынгавае унітарнае прадпрыемства "Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу" і Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт.-0-