Развіццё Талачынскага і Сенненскага раёнаў будзе звязана з аднаўленнем вытворчай сферы

21 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Развіццё Талачынскага і Сенненскага раёнаў будзе звязана з аднаўленнем і стварэннем вытворчай сферы, паведаміў сёння на ўрачыстай цырымоніі правадоў дэлегацыі Віцебскай вобласці на рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2012" старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Праграма развіцця Талачынскага і Сенненскага раёнаў будзе распрацавана ў бліжэйшы час, яе рэалізацыя запланавана на 2013 год. Гэтыя раёны маюць вялікае значэнне ў развіцці аграпрамысловага сектара рэгіёна, падкрэсліў губернатар. Маштабныя работы ў першую чаргу будуць праведзены па аднаўленні вытворчай сферы: тэкстыльнай фабрыкі ў Талачыне, завода жалезабетонных вырабаў у Коханаве. У Сянне таксама плануецца стварэнне прамысловых вытворчасцей. Жыллёва-камунальная сфера райцэнтраў будзе мадэрнізавана і абноўлена. У праграму будуць уключаны работы, якія тычацца стварэння інфраструктуры адпачынку і вольнага часу. На рэалізацыю праграмы толькі з абласнога бюджэту ў 2013 годзе запланавана вылучыць Br100 млрд. Акрамя гэтых райцэнтраў, паскоранае развіццё павінны атрымаць пасёлкі Віцебскага раёна Сураж і Руба. Старшыня аблвыканкама нагадаў, што перад мясцовай уладай кіраўніком дзяржавы і ўрадам пастаўлена задача на працягу двух бліжэйшых гадоў у райцэнтрах стварыць не менш за дзесяць вытворчасцей з колькасцю работнікаў больш за 50 чалавек. Да яе вырашэння ў Віцебскай вобласці ўжо прыступілі. -0-