Развіццю асабістых падсобных гаспадарак грамадзян неабходна надаваць больш увагі - А.Лукашэнка
18 мая, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі лічыць неабходным надаць больш увагі развіццю асабістых падсобных гаспадарак грамадзян. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе, прысвечанай разгляду гэтага пытання, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на актуальнасць праблемы і яе вялікае як эканамічнае, так і сацыяльна-палітычнае значэнне. Вядзеннем асабістых падсобных гаспадарак у той ці іншай меры займаюцца не менш за траціну насельніцтва краіны, гэта жыхары не толькі вёсак, але і рабочых пасёлкаў, малых гарадоў і прыгарадаў буйных цэнтраў. Прэзідэнт адзначыў, што яны ўносяць істотны ўклад у забеспячэнне харчовай бяспекі дзяржавы. Выкарыстоўваючы толькі крыху больш за 11% сельгасугоддзяў, яны вырабляюць каля 30% валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі. Пры гэтым не толькі забяспечваюць сябе экалагічна чыстымі прадуктамі харчавання, але і пастаўляюць іх на рынак. Важна, што ў гэтых гаспадарках вырошчваюцца найбольш працаёмкія культуры - бульба (88% агульнага збору), агародніна (80%), плады і ягады (больш за 90%).
Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб тым, што падсобныя гаспадаркі спрыяюць павышэнню рэальных даходаў і дабрабыту вяскоўцаў, даючы ім істотную прыбавку да сямейнага бюджэту. Да таго ж, на думку Прэзідэнта, такія гаспадаркі выконваюць і важную выхаваўчую функцыю. "Жыццё паказвае - там, дзе з дзяцінства прыцягваюць да працы, догляду за жывёламі і агародніцтву, там менш праблем з п'янствам і іншымі негатыўнымі з'явамі", - сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, бываючы ў рэгіёнах, часта цікавіцца, як ідуць справы ў гэтай сферы, як мясцовыя ўлады клапоцяцца пра людзей, заўсёды нацэлівае іх на дапамогу ва ўборцы ўраджаю, арганізацыі закупкі прадукцыі, выдзяленні прыдатных зямельных участкаў і пашаў. Акрамя таго, гэтая тэма неаднаразова выносілася на абмеркаванне на рэспубліканскіх нарадах, даваліся канкрэтныя даручэнні ўраду і губернатарам, была распрацавана мэтавая праграма развіцця асабістых падсобных гаспадарак грамадзян на 2006-2010 гады.
Настаў час падводзіць вынікі рэалізацыі гэтай праграмы і выканання раней дадзеных даручэнняў. "Аднак па ўсім відаць, што ў гэтай сферы пахваліцца няма чым. У апошняе дзесяцігоддзе з году ў год зніжаецца вытворчасць прадукцыі, рэзка скарачаецца пагалоўе буйной рагатай жывёлы. Змяншаецца і сама колькасць падсобных гаспадарак. Так, у параўнанні з 2000 годам іх стала менш на 175 тыс., або на 14%. Гэтая тэндэнцыя характэрная для ўсіх абласцей краіны", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што нельга на 100% пагадзіцца з той пазіцыяй, што аб'ектыўнымі прычынамі гэтага спаду з'яўляюцца скарачэнне колькасці сельскіх жыхароў, старэнне сялян, нежаданне моладзі абзаводзіцца падсобнай гаспадаркай. "Справа не столькі ў аб'ектыўных прычынах, колькі ў абыякавым, дакладней, у наплявацельскім стаўленні ў першую чаргу з боку мясцовых улад да клопатаў людзей, якія вядуць падсобныя гаспадаркі, - адзначыў Прэзідэнт. - Бо паглядзіце, колькі скаргаў і ў прэсе, і ў дзяржаўных органах на тое, што няма магчымасцей вырошчваць жывёлу - ні пашаў, ні сенажацяў, ні нармальнай арганізацыі закупак малака і іншай прадукцыі. Людзі гатовыя ўкладваць сваю працу, аддаваць свой час карыснай справе, але ад нашага пачварнага стаўлення пакутуюць як самі сельскія працаўнікі, іх гаспадаркі, так і дзяржава ў цэлым".
Ёсць гаспадаркі і раёны, дзе кіраўнікі разумеюць важнасць гэтай праблемы і падтрымліваюць людзей, аднак у большасці раёнаў не прымаюцца канкрэтныя і эфектыўныя меры ў гэтай сферы. "Практычна ўсё кінута на самацёк, маўляў, выжывуць - так выжывуць, а не - так не, за прыватнікаў, нібыта, мы не ў адказе. Так нельга!", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт, звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады, абазначыў гэтае пытанне некалькі шырэй. На яго думку, на яго варта глядзець як на працу са зваротамі грамадзян. Ён дадаў, што ў бліжэйшы час яна будзе дэталёва разгледжана на пашыранай нарадзе ў Прэзідэнта, падрыхтоўка да яе ўжо пачата: ва ўсіх рэгіёнах арганізаваны маніторынг сітуацыі, каб ведаць рэальную карціну на месцах і прымаць дзейсныя меры па вырашэнні праблем, што існуюць.
Ад удзельнікаў нарады Аляксандр Лукашэнка чакае аб'ектыўнай ацэнкі сітуацыі і адказаў на пытанні, ці варта і надалей развіваць падсобныя гаспадаркі, у якім выглядзе яны павінны існаваць, што неабходна для гэтага зрабіць.-0-