Воіны-афганцы на сустрэчы ў аблвыканкаме абмеркавалі рэабілітацыю, будаўніцтва помніка і ўдзел у выбарах

Напярэдадні Дня вываду савецкіх войскаў з Афганістана адбылося пасяджэнне савета абласной арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане. У межах мерапрыемства члены грамадскага аб'яднання сустрэліся з кіраўніцтвам аблвыканкама і медустаноў і пагаварылі аб рэабілітацыі, аздараўленні і лячэнні ўдзельнікаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў.

— Дзяржава аказвае неабходную сацыяльную падтрымку ветэранам і сем'ям загінулых. Так, традыцыйна да 15 лютага інвалідам па баявой траўме, бацькам і ўдовам загінулых аказваецца матэрыяльная дапамога. Сёлета ім выплацілі па 5 базавых велічынь. Вырашаюць мясцовыя ўлады і жыццёвыя праблемы інтэрнацыяналістаў: садзейнічаюць працаўладкаванню, накіраванню тых, хто мае патрэбу, у здраўніцы і бальніцы, дапамагаюць у дастаўцы дроў і рамонце жылля, запрашаюць на розныя канцэрты і святы, — сказаў старшыня абласной арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Валерыян Мацкевіч. — Увогуле, праца ў гэтым напрамку наладжана, неабходна толькі ўзмацніць узаемадзеянне зацікаўленых ведамстваў, каб паскорыць разгляд узнікаючых пытанняў.

Таксама на пасяджэнні закранулі тэму выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў. «Афганцы» прымуць актыўны удзел у кампаніі. Пяцёра з іх маюць намер стаць дэпутатамі, каля дваццаці з'яўляюцца членамі выбарчых камісій розных узроўняў, больш за сто будуць назіральнікамі.

Валерыян Альбінавіч папрасіў калег з раённых падраздзяленняў актывізаваць працу па зборы сродкаў сярод членаў арганізацыі і мясцовых жыхароў на фінансаванне помніка «Дзесантнік», каб у віцебскім парку Пераможцаў нарэшце з'явіўся монумент, прысвечаны крылатай пяхоце.

У завяршэнне сустрэчы адбыўся круглы стол з удзелам кіраўніцтва найбуйнейшых грамадскіх арганізацый вобласці, падчас якога абмеркавалі, як зрабіць дзейнасць па грамадзянска- патрыятычным і ваенна-патрыятычным выхаванні больш дзейснай і цікавай для падрастаючага пакалення.

"Віцебскія весці".