Рэалізацыі праграмы "Дзеці Беларусі" прысвечаны рэспубліканскі семінар педыятраў у Віцебску
22 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Рэалізацыю праграмы "Дзеці Беларусі" на 2006-2010 гады абмяркуюць урачы-педыятры 23-24 верасня на рэспубліканскім семінары ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама.
Удзельнікамі мерапрыемства стануць больш за 100 спецыялістаў, якія прадстаўляюць лячэбныя ўстановы і медыцынскія ўстановы адукацыі з усіх рэгіёнаў рэспублікі. 23 верасня на базе Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта (ВДМУ) у цэнтры ўвагі ўрачоў будуць пытанні развіцця прафілактычнай педыятрыі, перынатальных тэхналогій у РНПЦ "Маці і дзіця". Аб сучасных дасягненнях і практычным вопыце работы раскажуць прадстаўнікі Мінскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы, ВДМУ. З новымі распрацоўкамі ў айчынных прадуктах харчавання для дзяцей першага года жыцця пазнаёміць прадстаўнік ААТ "Беллакт".
Работа семінара ўключае таксама практычнае знаёмства з матэрыяльна-тэхнічнай базай і падыходамі ў аказанні дапамогі дзецям на прыкладзе медустаноў Віцебскай вобласці. Так, удзельнікам трэба будзе наведаць Віцебскую дзіцячую абласную клінічную бальніцу, дзе пасля рэканструкцыі адкрылася педыятрычнае аддзяленне для неданошаных дзяцей. 24 верасня запланавана наведванне Полацкай цэнтральнай гарадской бальніцы і абласнога дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра "Ветразь" у вёсцы Кастэні Пастаўскага раёна, на базе якога адбудзецца падвядзенне вынікаў семінара.
Арганізатарамі мерапрыемства з'яўляюцца Міністэрства аховы здароўя, упраўленне аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама, ВДМУ.-0-