Рэалізацыя білетаў застаецца асноўнай крыніцай прыбытку фестывалю "Славянскі базар у Віцебску".
19 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Рэалізацыя білетаў застаецца асноўнай крыніцай прыбытку міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", заявіў сёння на прэс-канферэнцыі генеральны дырэктар цэнтра культуры "Віцебск", дырэктар фестывалю Радзівон Бас, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кошт білетаў на мерапрыемствы юбілейнага ХХ фестывалю ў параўнанні з мінулым годам узрос не больш чым на 20% (самы танны білет на канцэрт у Летнім амфітэатры каштуе Br10 тыс., самы дарагі - Br450 тыс.). Як паказаў першы тыдзень продажаў, цікавасць гледачоў да канцэртаў не ўпала.
Нягледзячы на крытыку ў адрас дырэкцыі, што на фестывалі шмат прадстаўнікоў папулярнай эстрады, гледач па-ранейшаму купляе білеты на сваіх любімых выканаўцаў, адзначыў Радзівон Бас. Сёлета ў афішах фестывалю стаяць імёны Мікалая Баскава, Надзеі Кадышавай, Валерыя Лявонцьева, Вячаслава Дабрыніна, Валерыя Меладзэ, Максіма Галкіна, Аўраама Руса. Высокім попытам карыстаюцца канцэрты адкрыцця і закрыцця фестывалю, якія, як правіла, збіраюць лепшых айчынных і замежных выканаўцаў. Так, у канцэрце ўрачыстага адкрыцця возьмуць удзел арт-групы "Хор Турэцкага" і "Сапрана 10", балет пад кіраўніцтвам Барыса Эйфмана, гурт Space з Дзідзье Маруані, Аляксандра Пахмутава, дзяржаўны ансамбль "Песняры", Дзіма Білан і іншыя не менш знакамітыя госці.
У бліжэйшы час у продаж паступяць білеты на тэатральныя і кінапраекты фестывалю, а таксама на канцэрты, якія запланаваны на плошчы Перамогі ў Віцебску.
Фінансуецца фестываль за кошт рэзервовага фонду Прэзідэнта, з бюджэту Саюзнай дзяржавы, сродкаў Міністэрства культуры, таксама прыцягваюцца сродкі спонсараў і рэкламадаўцаў. У агульнай суме на правядзенне фестывалю з бюджэту прадугледжана накіраваць Br13,6 млрд.
Па словах Радзівона Баса, у цяперашні час дырэкцыя шукае магчымасць павелічэння сум на правядзенне фестывалю, у тым ліку за кошт прыцягнення спонсарскіх сродкаў.
XX Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 8 па 14 ліпеня 2011 года. Як чакаецца, у ім возьмуць удзел прадстаўнікі 27 дзяржаў.-0-