Рэалізацыя праекта па развіцці кулінарнай спадчыны пачынаецца ў Беларусі і Латвіі
У межах праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Латвіі, Літвы і Беларусі ў памежных рэгіёнах Беларусі і Латвіі пачынаецца рэалізацыя праекта па развіцці кулінарнай спадчыны Bella Cuisine, паведаміў БЕЛТА каардынатар праекта Антон Родненкаў.
Праект Bella Cuisine будзе рэалізаваны на тэрыторыі Полацкага, Лепельскага, Мёрскага, Глыбоцкага і Верхнядзвінскага раёнаў Віцебскай вобласці, а таксама Аглонскага, Краслаўскага, Дагдскага, Рэзекненскага і Лудзенскага краёў Латгальскага рэгіёну (Латвія). Агульны бюджэт праекта складае каля 500 тыс. еўра.
Плануецца, што падчас праекта, разлічанага на 18 месяцаў, Віцебская вобласць стане кандыдатам на ўступленне ў Еўрапейскую сетку кулінарнай спадчыны, у якую ўваходзяць 24 рэгіёны такіх краін, як Данія, Германія, Латвія, Літва, Нарвегія, Польшча, Швецыя і Украіна. Будзе распрацаваны шасцідзённы кулінарны маршрут па памежных рэгіёнах Беларусі і Латвіі, пройдуць чатыры кулінарныя фестывалі, а таксама будзе адкрыты міжнародны цэнтр па прасоўванні кулінарнай спадчыны ў горадзе Краслава (Латвія). У Беларусі і Латвіі пройдуць мерапрыемствы па прасоўванні кулінарнай спадчыны Латгальскага рэгіёну і Віцебскай вобласці, будзе арганізавана навучанне для прадстаўнікоў сферы харчавання, а таксама паездкі па абмене вопытам у Швецыю, Латвію і Літву.
Праект Bella Cuisine у межах праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Латвіі, Літвы і Беларусі ставіць перад сабой мэту пазнаёміць Беларусь з канцэпцыяй кулінарнай спадчыны, палепшыць якасць прадастаўлення кулінарных паслуг у Віцебскай вобласці і Латгальскім рэгіёне (Латвія), спрыяць прасоўванню нацыянальнай кухні і гастранамічнага турызму.