Рэальныя шансы стаць кандыдатамі ў прэзідэнты ў Беларусі маюць 10 чалавек

9 лістапада, Мінск /Кацярына Нячаева - БЕЛТА/. Рэальныя шансы стаць кандыдатамі ў прэзідэнты ў Беларусі маюць дзесяць чалавек. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік. Па папярэдніх выніках праверкі дакладнасці подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты, права на далейшы ўдзел у выбарчай кампаніі і магчымасць стаць кандыдатамі захавалі дзесяць прэтэндэнтаў, якія прадставілі ў выбаркамы больш за 100 тыс. подпісаў, за выключэннем Уладзіміра Прывальскага. "Усе патэнцыйныя кандыдаты, за выключэннем Уладзіміра Прывальскага, захавалі права быць зарэгістраванымі ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты. Колькасць дакладных подпісаў у падтрымку кожнага з дзесяці прэтэндэнтаў перавышае 100 тыс.", - сказаў Мікалай Лазавік, падводзячы папярэднія вынікі праверкі дакладнасці подпісаў у раённых і гарадскіх выбаркамах. Такім чынам, ЦВК можа зарэгістраваць кандыдатамі на пасаду Прэзідэнта Беларусі дзеючага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнку, а таксама Рыгора Кастусёва, Аляксея Міхалевіча, Уладзіміра Някляева, Яраслава Раманчука, Віталя Рымашэўскага, Андрэя Саннікава, Мікалая Статкевіча, Віктара Церашчанкі, Дзмітрыя Уса. Мікалай Лазавік не выключае, што падчас цяперашняй выбарчай кампаніі можа быць зарэгістравана найбольшая за ўсю гісторыю Беларусі колькасць кандыдатаў у прэзідэнты. Паводле яго слоў, рэальныя шансы ёсць у ўсіх дзесяцярых. Яны ўжо прайшлі самы адказны этап выбарчай кампаніі - вылучэнне, застаўся больш просты этап - прадстаўленне ў ЦВК пісьмовай заявы аб згодзе балатавацца кандыдатам у прэзідэнты, анкеты з біяграфічнымі звесткамі і дэкларацыі аб даходах і маёмасці (асобы, вылучанай кандыдатам, яго жонкі, паўналетніх блізкіх сваякоў, якія пражываюць з ім сумесна і вядуць агульную гаспадарку). Каментуючы працэдуру праверкі дакладнасці подпісаў, сакратар ЦВК падкрэсліў, што яна насіла шчадлівы, ліберальны характар, падыход да ўсіх прэтэндэнтаў быў аднолькавым, у поўнай адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам любыя сумненні трактаваліся на карысць патэнцыйных кандыдатаў. "Рэжым праверкі можна назваць шчадлівым, каб ніхто не мог прад'яўляць прэтэнзіі да асабліва жорсткага, прадузятага падыходу. Лібералізацыя, якая была падчас збору подпісаў, працягнулася пры праверцы подпісаў", - сказаў Мікалай Лазавік. Зарэгістраваць кандыдатаў Цэнтрвыбаркам мае намер да 19 лістапада, каб на працягу месяца да выбараў яны маглі весці агітацыйную кампанію. Выбары Прэзідэнта Беларусі прызначаны на 19 снежня 2010 года.-0-