Рэдкая архідэя ўзята пад назіранне ў Бярэзінскім біясферным запаведніку
31 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Спецыяльны пункт назірання за найрэдкішай еўрапейскай архідэяй - афрысам насекомоносным, упершыню выяўленай у Беларусі, створаны ў Бярэзінскім біясферным запаведніку, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік генеральнага дырэктара па навукова-даследчай рабоце запаведніка Валерый Івковіч.
Унікальную расліну ў гэтым годзе выявілі вучоныя Гродзенскага, Беластоцкага і Варшаўскага ўніверсітэтаў падчас сумеснай геабатанічнай экспедыцыі па вывучэнні аднаго з відаў бярозы. На балоце Чысцік яны звярнулі ўвагу на незвычайныя невялікія кветкі, якія нагадваюць склаўшыя крылы насякомае. Як аказалася, гэта від афрысаў сямейства архідных, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
На месцы знаходкі спецыялісты запаведніка выявілі яшчэ адзін афрыс. Цяпер тут працуе назіральны пункт, дзе будзе весціся маніторынг дзіўнай расліны. Прадстаўнікі гэтага роду абсалютна ўнікальныя, расказаў Валерый Івковіч. Ва ўсім раслінным царстве больш не сустрэнеш такой незвычайнай і мудрагелістай формы кветак і такога вытанчанага спосабу прыцягнення насякомых-апыляльнікаў. Паводле даследаванняў, праведзеных яшчэ Чарльзам Дарвінам і пацверджаных іншымі вучонымі, кветкі афрысаў апыляюцца самцамі пэўных відаў насякомых, якія прымаюць кветкі за сваіх самак. З клубняў гэтай расліны курды рыхтуюць лекавы сродак салеп, якому прыпісваюць здольнасць надаць палавую сілу.
Багатая флора запаведніка налічвае каля 800 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, 216 імхоў, 317 водарасцей, 463 грыбы, 238 лішайнікаў. Тут адзначана 56 відаў млекакормячых, сярод якіх зубр, буры мядзведзь, рысь, барсук, выдра. Прадстаўлены ўсе драпежныя звяры Еўропы. Арнітафаўна запаведніка налічвае 230 відаў птушак. Жывёльны свет дапаўняюць 34 віды рыб, 11 земнаводных, 5 паўзуноў, звыш 4000 відаў бесхрыбетных, з якіх больш за 3000 - насякомыя. Бярэзінскі біясферны запаведнік з'яўляецца адной з нямногіх ахоўных прыродных тэрыторый у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе з такой выключна высокай экалагічнай каштоўнасцю.
Бярэзінскі дзяржаўны запаведнік уключаны ў агульнасусветную сетку біясферных запаведнікаў у рамках міжнароднай Праграмы ЮНЕСКА "Чалавек і біясфера" і з'яўляецца членам Федэрацыі прыродных і нацыянальных паркаў Еўропы, уключаны ў Спіс еўрапейскіх ключавых арніталагічных і батанічных тэрыторый.-0-