Рэестр кандыдатаў у незалежныя дырэктары назіральных саветаў ААТ сфарміраваны ў Віцебскай вобласці

У Віцебскай вобласці сфарміраваны рэестр кандыдатаў для абрання ў якасці незалежных дырэктараў у склад назіральных саветаў ААТ з доляй камунальнай уласнасці, паведамілі ў камітэце "Віцебскаблмаёмасць".

У рэестр уключаны кандыдатуры 10 чалавек зыходзячы з папярэдне вызначаных умоў і патрабаванняў, якія прад'яўляюцца да такіх кіраўнікоў. Яны змогуць аказаць садзейнічанне таварыствам пры ўкараненні элементаў карпаратыўнага кіравання, у прыватнасці ў распрацоўцы стратэгіі іх развіцця. Гэта з'яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў павышэння якасці кіравання дзяржсектара, адзначылі ў камітэце.

Віцебская вобласць валодае долямі ва ўстаўных фондах 65 ААТ, функцыі ўладальніцкага нагляду ў якіх ажыццяўляюць 9 органаў дзяржаўнага кіравання і дзяржаб'яднанняў. Яшчэ ў 130 ААТ ёсць долі гарадоў і раёнаў. Па галіновай структуры больш за 70% ад агульнай колькасці ААТ прыпадае на арганізацыі аграпрамысловага комплексу і перапрацоўчай прамысловасці.

Элементы карпаратыўнага кіравання дзейнічаюць у 19 ААТ з доляй камунальнай уласнасці, або амаль у кожным дзясятым таварыстве. Найбольш актыўна акцыянерныя таварыствы ўкараняюць карпаратыўны кодэкс, які ўяўляе сабой звод правілаў узаемадзеяння таварыства, яго акцыянераў, органаў кіравання і кантролю як паміж сабой, так і з дзяржаўнымі і іншымі арганізацыямі. Ён прыняты ў 10 ААТ, у тым ліку ва ўсіх акцыянерных таварыствах, уладальніцкі нагляд у якіх ажыццяўляе галоўнае ўпраўленне гандлю і паслуг Віцебскага аблвыканкама, а таксама на ААТ "Верхнядзвінскі масласырзавод", "Агракамбінат "Юбілейны", "Мир услуг плюс", "Віцебскліфт" і "АТП N4, г. Віцебск".

У 9 ААТ дзейнічае іншая мадэль карпаратыўнага кіравання. Яна ўяўляе сабой лакальныя нарматыўныя прававыя акты - палажэнні аб назіральным савеце, дырэкцыі, рэвізійнай камісіі, дывідэнднай палітыцы і інш. Такі кіраўніцкі механізм прадугледжвае пашырэнне паўнамоцтваў кожнага органа кіравання або кантролю акцыянернага таварыства, растлумачылі ў камітэце.

"Віцебскаблмаёмасць" аказвае кансультацыйную дапамогу таварыствам пры ўкараненні мадэлей карпаратыўнага кіравання, якія пастаянна ўдасканальваюцца. У 2019 годзе ад выкарыстання і рэалізацыі камунальнай маёмасці ў бюджэт паступіла каля Br 22,2 млн, з якіх 66% прыпадае на пералічэнне часткі прыбытку ўнітарных прадпрыемстваў і даходы на акцыі.

БЕЛТА.