Рэгіянальная стратэгія ўстойлівага развіцця будзе распрацавана ў Віцебскай вобласці пры падтрымцы ЕС

На Віцебшчыне ствараецца Рэгіянальная стратэгія ўстойлівага развіцця, у распрацоўцы якой могуць прыняць удзел усе групы мясцовай супольнасці. Пакуль праца знаходзіцца на пачатковай стадыі, калі неабходна адэкватна апісаць сённяшні дзень, каб пасля сфармуляваць жаданы вобраз будучыні. Нядаўна ў аблвыканкаме прайшоў «круглы стол» па абмеркаванні ўжо напрацаваных матэрыялаў і праектных ідэй.

Распрацоўка дакумента ажыццяўляецца ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі "Падтрымка рэгіянальнага і мясцовага развіцця ў Рэспубліцы Беларусь", які фінансуецца Еўрапейскім саюзам. Кіраўнік праекта Пітэр Корсбі адзначыў, што акрамя экспертнага садзейнічання мясцовай супольнасці ў планаванні на доўгатэрміновую перспектыву прадугледжваецца выбраць і прафінансаваць пілотныя праекты, накіраваныя на вырашэнне прыярытэтных рэгіянальных праблем. Зараз ідзе прыём заявак на конкурс для наступнага адбору і фінансавання ініцыятыў. Агульны аб'ём сродкаў, якія будуць прадастаўлены партнёрам, складзе прыкладна 1,3 млн еўра. Да канца года прадугледжваецца вызначыцца з прапановамі. У цэлым рэалізацыя праекта тэхнічнай дапамогі павінна быць скончана ў жніўні 2016-га.

Яго нацыянальным каардынатарам выступае Міністэрства эканомікі Беларусі. На Віцебшчыне ролю пляцоўкі для акумуляцыі ідэй, перапрацоўкі інфармацыі і экспертнага суправаджэння выпрацоўкі рэгіянальнай стратэгіі павінен сыграць абласны рэгіянальны цэнтр ДНУ «НДЭІ Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь». У ходзе «круглага стала», загадчыца цэнтра Наталля Берчанка падкрэсліла: каб распрацаваць дакумент, які адпавядае мясцовым асаблівасцям, неабходна, у прыватнасці, вызначыць актуальныя для рэгіёну напрамкі стратэгіі ўстойлівага развіцця і сканцэнтраваць на іх намаганні экспертнай супольнасці, не распыляючыся на шырокае кола праблемных пытанняў. Як сведчаць дадзеныя папярэдняга SWOT-аналізу, такімі могуць стаць развіццё сельскіх населеных пунктаў і іх інфраструктуры, пытанні аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання адходаў жыццядзейнасці чалавека, развіццё альтэрнатыўнай энергетыкі, актывізацыя прадпрымальніцкай ініцыятывы. Зрэшты, на дадзеным этапе перад каардынатарамі праекта стаіць задача прыцягнуць шырокія пласты грамадскасці, а таксама афіцыйныя органы для фармулявання вобраза жаданай будучыні.

Праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі "Падтрымка рэгіянальнага і мясцовага развіцця ў Рэспубліцы Беларусь" рэалізуецца міжнародным кансорцыумам, які ўзначальвае кампанія «ECORYS Nederland» з Нідэрландаў.

Сяргей Антонаў, "Віцебскія весці"