Рэгіянальны інфармацыйны цэнтр па пытаннях абыходжання з адходамі адкрываюць у Копысі
Першы ў Беларусі рэгіянальны інфармацыйны цэнтр па пытаннях абыходжання са ўстойлівымі арганічнымі забруджвальнікамі і небяспечнымі хімічнымі рэчывамі "Зялёнае святло" адкрываецца 6 чэрвеня ў Копысі (Аршанскі раён), паведамляе БЕЛТА са спасылкай на спецыяліста па масмедыя ўстановы па ахове прыроды "Экалагічная сфера" Вольгу Лелюкову.
Стварэнне інфармацыйнага цэнтра накіравана на навучанне валанцёрскіх груп з ліку мясцовых жыхароў, у асноўным моладзі, для выяўлення несанкцыянаваных звалак і складоў са састарэлымі пестыцыдамі і хімікатамі, а таксама тарай, якая выкарыстоўвалася для іх захоўвання.
Гэта дазволіць выканаць канчатковую інвентарызацыю месцаў назапашвання небяспечных хімічных рэчываў і прыняць аператыўныя меры для іх ліквідацыі, што палепшыць экалагічную сітуацыю ў рэгіёне і будзе спрыяць стварэнню ўстойлівай сістэмы абыходжання з небяспечнымі хімічнымі адходамі.
Дзейнасць цэнтра будзе распаўсюджана на тры рэгіёны Беларусі: Віцебскую, Магілёўскую і Мінскую вобласці. У мэтах абароны здароўя людзей ад патэнцыйнага ўздзеяння ўстойлівых арганічных забруджвальнікаў (УАЗ) асабліва актуальнай уяўляецца неабходнасць павышэння дасведчанасці мясцовага насельніцтва аб крыніцах паступлення і ўплыве УАЗ і хімікатаў на здароўе людзей і навакольнае асяроддзе.
Таму па праекце закладзены доследны ўчастак для вырошчвання раслін у адпаведнасці з прынцыпамі арганічнага земляробства - без прымянення хімікатаў. Таксама абсталявана хімічная лабараторыя, якая дазваляе праводзіць аналізы з мэтай вызначэння ўтрымання хімічных злучэнняў у кампанентах навакольнага асяроддзя: вадзе, глебе, раслінах.
Адкрыццё цэнтра адбудзецца на базе ДУА "Копыская дзіцячы сад – сярэдняя школа Аршанскага раёна" пры падтрымцы ўстановы па ахове прыроды "Экалагічная сфера", Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Праграмы развіцця ААН у Беларусі ў межах рэалізацыі праекта праграмы малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонду.
Фота з адкрытых крыніц.