Рэгіянальны цэнтр падрыхтоўкі кіраўнікоў нерухомасцю з'явіцца ў Віцебску
Галоўная мэта праекта – палепшыць кіраванне жыллём і падтрымаць энергазберагальную санацыю жылых будынкаў пры дапамозе стварэння 11 рэсурсных цэнтраў. Адзін з іх, плануецца, з'явіцца на базе тэхналагічнага ўніверсітэта. За аснову прыняты вопыт аналагічнай структуры ў БДТУ.
– Рэсурсны цэнтр стане платформай для фарміравання базы ведаў у сферы ЖКГ, дзе будуць аказвацца кансалтынгавыя паслугі: кансультацыйнае суправаджэнне пры распрацоўцы вучэбна-праграмнай дакументацыі для кіраўнікоў нерухомасцю, індывідуальныя і групавыя кансультацыі, навучальныя семінары і трэнінгі, практыкаарыентаванае навучанне слухачоў, студэнтаў і магістрантаў. Таксама ён можа быць асновай для ўкаранення ў краіне сістэмы прафесійнай падрыхтоўкі кіраўнікоў нерухомасцю, – распавяла дэкан факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БДТУ Ірына Семянчукова.
Яна адзначыла, што з 2010 года намаганнямі ўніверсітэта і Асацыяцыі таварыства ўласнікаў «Віцебская альтэрнатыва» праведзены ўжо 14 курсаў павышэння кваліфікацыі для кіраўнікоў сумеснымі домаўладаннямі, у якіх прынялі ўдзел больш за 350 слухачоў з розных рэгіёнаў краіны.
Акрамя таго, у БДТУ была адкрыта новая спецыяльнасць па перападрыхтоўцы для работнікаў сістэмы ЖКГ «Эканоміка і арганізацыя вытворчасці ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы», а летам 2018 года тут адбудзецца міжнародны семінар па гэтым напрамку.
Універсітэт сумесна з «Віцебскай альтэрнатывай» выступае рэгіянальным партнёрам па праекце «На шляху да рэформаў жыллёвага сектара: павышэнне патэнцыялу аб'яднанняў уласнікаў жылля ў Азербайджане, Беларусі, Грузіі, Малдове і Украіне» ініцыятывы «Жыллёвая гаспадарка ва Усходняй Еўропе» (ІВА) з Берліна. У Беларусі падтрымку ІВА аказваюць Міжнародная асацыяцыя менеджменту нерухомасці і МГА «ЭКАПРАЕКТ».
"Віцебскія весці". Фота https://0225.ru