Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты пачынаецца ў Беларусі
Перадвыбарная агітацыя на парламенцкіх выбарах у Беларусі стартуе ў сярэдзіне кастрычніка пасля рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. На наступны дзень пасля яе заканчэння абласныя выбарчыя камісіі правядуць паміж кандыдатамі жараб'ёўку для таго, каб вызначыць дату і час іх выступлення на дзяржаўным радыё і ТБ.
Выступленні кандыдатаў у дэпутаты па радыё і тэлебачанні пройдуць з 21 кастрычніка па 6 лістапада па працоўных днях. Радыёвыступленні будуць з 7.00 да 8.00, тэлевізійныя (яны будуць суправаджацца субтытрамі або перакладам на мову жэстаў) - з 19.00 да 20.00. Эфірны час кандыдатаў, якія будуць балатавацца па Мінску, выдзеляць "Радыё-Мінск", канал "Беларусь 3", па Мінскай вобласці - радыёстанцыя "Мінская хваля", СТБ. Тым, хто будзе вылучацца па іншых абласцях, час прадаставяць адпаведныя абласныя тэлерадыёкампаніі.
Для тэледэбатаў эфірны час рэзервуецца з разліку не больш як пяць хвілін аднаму кандыдату. Парадак арганізацыі і правядзення дэбатаў, даты іх правядзення і вядучага вызначаюць тэлерадыёкампаніі.
Сваю перадвыбарную праграму прэтэндэнты на месцы ў парламенце маюць права апублікаваць альбо ў адной з рэспубліканскіх газет ("Звязда", "Рэспубліка"), альбо ў адпаведнай абласной газеце, альбо ў выдаваных на тэрыторыі іх акругі раённых, гарадскіх газетах. Тэкст кандыдаты павінны прадставіць у СМІ не пазней за 27 кастрычніка.
Выбары ў Палату прадстаўнікоў прызначаны на 17 лістапада, у Савет Рэспублікі - на 7 лістапада.