Больш чым 13,5% жыхароў Віцебскай вобласці рэгулярна займаюцца фізкультурай у секцыях і клубах
20 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Больш за 171 тыс. чалавек, або 13,5% жыхароў вобласці рэгулярна займаюцца фізічнай культурай і спортам у секцыях і клубах па месцы жыхарства, работы або вучобы. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным вучэбна-метадычным цэнтры фізічнага выхавання насельніцтва.
Усяго ў вобласці створана 22 фізкультурна-спартыўныя клубы і 5 фізкультурна-аздараўленчых цэнтраў, якія ажыццяўляюць спартыўна-масавую і аздараўленчую работу з насельніцтвам па месцы жыхарства. Арганізацыйна-метадычную і спартыўную работу на месцах вядуць больш за 3 тыс. спецыялістаў. Усяго ў 2010 годзе на Віцебшчыне праведзена больш за 60 абласных спаборніцтваў з агульнай колькасцю ўдзельнікаў каля 9,3 тыс., што амаль на 10% перавысіла актыўнасць у 2009 годзе. Акрамя таго, у гарадах і раёнах было арганізавана звыш 2 тыс. мерапрыемстваў, у якіх прыняло ўдзел больш за 142 тыс. чалавек.
Зборныя каманды вобласці на рэспубліканскіх спаборніцтвах у 2010 годзе заваявалі 16 першых месцаў, 9 - другіх і 19 - трэціх. Акрамя таго, на рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах пастаянна выступаюць спартсмены-інваліды, у склад нацыянальнай зборнай каманды ўваходзіць 34 спартсмены вобласці. У вобласці праведзена 13 спаборніцтваў сярод інвалідаў з парушэннямі слыху, зроку, апорна-рухальнага апарату, у якіх прыняло ўдзел звыш 460 чалавек.
Для сельскіх жыхароў праведзена 7 абласных мерапрыемстваў з агульным удзелам амаль 2,4 тыс. чалавек. Узрастае актыўнасць удзелу юных віцяблянаў у спартыўных акцыях і спаборніцтвах. Так, у рэспубліканскіх спаборніцтвах па хакеі "Залатая шайба" сярод дзяцей і падлеткаў на прызы Прэзідэнта Беларусі прыняло ўдзел амаль 100 каманд у складзе больш чым 1,4 тыс. юных спартсменаў (год таму - 79 каманд). У адборачных спаборніцтвах па футболе "Скураны мяч" у трох узроставых групах удзельнічала больш за 420 каманд і каля 5,4 тыс. футбалістаў.
На ўсіх спартыўных аб'ектах вядзецца шырокая прапаганда здаровага ладу жыцця. Так, паўсюдна разгорнуты куткі здароўя, санітарныя бюлетэні па прафілактыцы курэння і алкагалізму. Спартыўныя аб'екты, на якіх праходзяць непасрэдна спаборніцтвы, з'яўляюцца зонай вольнай ад курэння.-0-