Рэйтынг самых запатрабаваных прафесій у Віцебску ўзначальваюць швачкі, прадаўцы і інжынеры

8 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Устойлівым попытам на рынку працы Віцебска карыстаюцца швачкі, прадаўцы, будаўнікі і інжынеры, расказала карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага гарвыканкама Алена Торгана. На аднаго беспрацоўнага ў абласным цэнтры прыпадае дзве вакансіі, прычым 80-85% з іх - гэта рабочыя прафесіі. Тройку найбольш запатрабаваных узначальваюць швачкі, прадаўцы, будаўнікі ўсіх спецыяльнасцей. Сярод вакансій спецыялістаў безагаворачнае лідарства належыць інжынерам, урачам і прарабам. Як адзначыла Алена Торгана, служба занятасці Віцебска не проста канстатуе факт наяўнасці або адсутнасці вакансіі, а вядзе сістэматычную прафарыентацыйную работу з моладдзю. Спецыялісты сустракаюцца са школьнікамі выпускных класаў і расказваюць ім пра стан на рынку працы і пра магчымасці працаўладкавання па тых ці іншых спецыяльнасцях. Акрамя таго, у цэнтры занятасці школьнікам з дапамогай спецыяльных тэстаў могуць дапамагчы выбраць будучую прафесію зыходзячы з асобасных асаблівасцей, схільнасцей і захапленняў. Зацверджаны ўзровень беспрацоўя ў Віцебску складае 0,6%. На ўліку ў цэнтры занятасці знаходзяцца 1059 беспрацоўных. Як правіла, гэта асобы, якія доўга не працуюць, звольненыя па пагадненні бакоў. Палова беспрацоўных маюць толькі сярэднюю адукацыю, 14% - вышэйшую, астатнія - прафесійную або сярэднюю спецыяльную.-0-