Рэканструкцыя Багушэўскай туберкулёзнай бальніцы пачнецца ў красавіку

18 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Рэканструкцыя Багушэўскай абласной туберкулёзнай бальніцы пачнецца ў красавіку. Аб гэтым, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, паведаміла сёння на прэс-канферэнцыі галоўны пазаштатны фтызіятр Віцебскай вобласці, галоўны ўрач Віцебскага абласнога клінічнага супрацьтуберкулёзнага дыспансера (ВАКСД) Святлана Гапановіч. Мерапрыемства прысвечана Сусветнаму дню барацьбы з туберкулёзам, які адзначаецца 24 сакавіка. Па словах Святланы Гапановіч, праектна-каштарысная дакументацыя па рэканструкцыі асноўнага корпуса бальніцы гатова. Першы транш у аб'ёме Br200 млн. ужо выдзелены. Сродкі будуць накіраваны на абнаўленне сістэмы ацяплення. У цэлым на рэканструкцыю аб'екта патрабуецца каля Br13 млрд. Правесці ўсе неабходныя работы плануецца на працягу 2011-2012 гадоў. Пасля завяршэння рамонту корпус будзе адпавядаць усім сучасным патрабаванням інфекцыйнага кантролю. У ім будуць прадугледжаны зоны высокай і нізкай рызыкі заражэння, абсталяваны палаты, разлічаныя на знаходжанне аднаго-двух чалавек. Усяго ложкавы фонд корпуса складзе 185 месцаў. Акрамя таго, на тэрыторыі бальніцы плануецца пабудаваць асобны корпус для працяглай ізаляцыі хворых з хранічнымі формамі туберкулёзу і множнай лекавай устойлівасцю да супрацьтуберкулёзных прэпаратаў. У цэлым, як адзначыла Святлана Гапановіч, у вобласці надаецца значная ўвага праблеме распаўсюджвання туберкулёзу. Толькі за мінулы год на рэалізацыю дзяржаўнай праграмы "Туберкулёз" у рэгіёне з усіх крыніц фінансавання зрасходавана Br2,6 млрд. Так, для ВАКСД набыты новы апарат УГД з доплераўскай прыстаўкай сярэдняга класа, што дазволіла значна павялічыць дыягнастычныя магчымасці ўстановы. Для раённых паліклінік закуплены дзве стацыянарныя лічбавыя рэнтгена-флюараграфічныя ўстаноўкі "Пульмаскан", а ў бягучым годзе - дзве перасоўныя ўстаноўкі "Пульмаэкспрэс". У неабходнай колькасці набываюцца супрацьтуберкулёзныя прэпараты, у тым ліку груп рэзерву, патагенетычныя сродкі, сродкі індывідуальнай абароны для медперсаналу. "Значны ўклад у барацьбу з туберкулёзам уносіць рэалізацыя праекта ПРААН па падтрымцы дзяржаўнай праграмы "Туберкулёз", які фінансуецца са сродкаў Глабальнага фонду ААН па барацьбе са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй", - падкрэсліла галоўны фтызіятр вобласці. Пры рэалізацыі гэтага праекта перааснашчаюцца службы бактэрыялагічнай дыягностыкі рэгіёну, вядзецца закупка неабходных медыкаментаў, якія адпавядаюць міжнародным стандартам якасці, аказваецца сацыяльная падтрымка хворым туберкулёзам, якія знаходзяцца на амбулаторным лячэнні. Усяго за тры гады супрацоўніцтва на стварэнне бяспечных умоў працы для медперсаналу і выдаткі па лячэнні хворых у Віцебскай вобласці Глабальны фонд накіраваў больш Br750 млн.-0-