Рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў каналізацыі ў Віцебску пачнецца ў 2016 годзе
У 2016 годзе плануецца пачаць рэканструкцыю ачышчальных збудаванняў каналізацыі ў Віцебску з прыцягненнем крэдытных рэсурсаў Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР). Пра гэта паведаміў на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама начальнік упраўлення ЖКГ Юрый Дзядзела.
Па рамкавым праекце "Муніцыпальная і экалагічная інфраструктура" ЕБРР рэалізуюцца, у тым ліку, мерапрыемствы ў сектары водазабеспячэння і водаадвядзення. Канкрэтна інвестыцыйны праект "Беларусь: экалагічны інфраструктурны праект" прадугледжвае правядзенне комплекснай рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў і сістэм каналізавання некалькіх гарадоў краіны, уключаючы Віцебск. У адпаведнасці з пагадненнем, банк абавязваецца прадаставіць Беларусі крэдытныя сродкі - 18 млн 255 тыс. еўра, у тым ліку 12,5 млн еўра - на віцебскія аб'екты.
"Таксама прыцягваюцца бязвыплатныя грантавыя сродкі - 6,2 млн еўра. Пачатак выканання будаўніча-мантажных работ у Віцебску запрапланаваны на сярэдзіну 2016 года. І другая чарга праекта прадугледжвае рэканструкцыю з мадэрнізацыяй ачышчальных збудаванняў у Оршы і завяршэнне будаўніцтва ачышчальных збудаванняў у Полацку. У цяперашні час па другім этапе ідзе папярэдняе абмеркаванне праектна-крэдытных пагадненняў. На работы ў гэтых гарадах плануецца прыцягненне крэдытных сродкаў у суме 15,8 млн еўра, а таксама сродкаў грантаў у аб'ёме 7 млн еўра", - дадаў Юрый Дзядзела. Пры гэтым ён адзначыў, што на аб'ектах у Віцебску гэта не першы вопыт прыцягнення еўрапейскай дапамогі. У 2014 годзе на ачышчальных збудаваннях абласнога цэнтра пачата рэалізацыя праекта па ўдасканаленні біялагічнай ачысткі сцёкавых вод, выдалення з іх забруджвальных біягенных рэчываў. Мадэрнізацыя водаачышчальных збудаванняў задумана як эксперыментальны праект па лініі рамкавай праграмы па прыродаахоўнай інфраструктуры Беларусі. Яго агульная мэта заключаецца ў павышэнні якасці вады ў рацэ Заходняя Дзвіна (Даўгава), Рыжскім заліве і Балтыйскім моры.
Кацярына Князева, БЕЛТА.