Рэканструкцыя плошчы Перамогі ў Віцебску завершыцца да 9 мая 2010 года

30 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Рэканструкцыя плошчы Перамогі ў Віцебску павінна завяршыцца да 9 мая 2010 года. Такі загад паставіў сёння на нарадзе рабочага штаба па добраўпарадкаванні абласнога цэнтра старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Увесь аб'ём работ разбіты на тры чаргі. Першы этап па добраўпарадкаванні плошчы павінен быць выкананы да 9 мая гэтага года, другі - да Дня Незалежнасці. Трэцяя чарга, асноўная, павінна быць завершана да 65-годдзя Вялікай Перамогі, якое адзначаецца ў наступным годзе. Па словах галоўнага архітэктара Віцебска Віталя Дубіка, зімой на плошчы будзе ўсталёўвацца галоўная гарадская ёлка, у іншы час там будуць праходзіць культурна-масавыя мерапрыемствы, канцэрты. Плануецца набыць перасоўную крытую сцэнічную пляцоўку, якая будзе выкарыстоўвацца не толькі для ўрачыстасцей у абласным цэнтры, але і для святаў у іншых гарадах і райцэнтрах вобласці. Трансляцыя канцэртаў на плошчы Перамогі будзе арганізавана на пяці святлодыёдных экранах, устаноўленых па перыметры. Такім чынам, кожны з 250-300 тыс. чалавек, якія змогуць тут змясціцца, будзе спакойна атрымліваць асалоду ад відовішча. Для бяспекі і зручнасці жыхароў плошча будзе выканана ў адным узроўні. Злева ад яе да вуліцы Жасткова размесціцца аўтастаянка. Вырашаецца пытанне, на якім з дамоў усталяваць назву горада з датай заснавання і гербам. Галоўным упрыгожаннем цэнтра Віцебска стануць светламузычныя і каскадныя фантаны. Нарадны выгляд нададуць ёй і зялёныя насаджэнні, у першую чаргу, туі, блакітныя елкі, ружы, арыгінальная падсветка, адзначыў Віталь Дубік. У цяперашні час эскізны і архітэктурны праекты рэканструкцыі плошчы ўжо гатовыя, вядзецца распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі, пралічваецца неабходны аб'ём сродкаў.-0-